be

Сцяпан Уладзімір

Сцяпан Уладзімір

Уладзімір Сцяпан

Нарадзіўся ў 1958 годзе, у гарадскім пасёлку Касцюкоўка (сёння гэта частка Гомеля). Скончыў мастацкае вучылішшча імя Глебава і тэатральна-мастацкі інстытут (сёння гэта Беларуская Акадэмія Мастацтваў). Па адукацыі – мастак-жывапісец. Даволі плённа працаваў у галіне кніжнай графікі. Яшчэ ў інстытуце заняўся літаратурай.

У сваёй працоўнай біяграфіі Уладзімір Сцяпан спалучае некалькі відаў мастацтва: мае мастацкую адукацыю і досвед у гэтай галіне. Амаль дваццаць гадоў працаваў на беларускім тэлебачанні ў рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм, а потым у творчым аб’яднанні «Тэлефільм», дзе выступаў не толькі як галоўны рэдактар, але і як вядучы і аўтар праграм, сцэнарыст дакументальных і мастацкіх фільмаў.

Пачатак літаратурнай дзейнасці прыпадае на 1982 год, калі яго творы ўпершыню з’явіліся ў друку, на старонках штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З тых часоў вершы з’яўляліся амаль ва ўсіх літаратурных выданнях Беларусі і за яе межамі, друкаваліся ў некалькіх калектыўных зборніках. Аўтар уваходзіў у літаратурную суполку «Тутэйшыя».

Хаця Уладзімір Сцяпан пачынаў, як і многія, з вершаў, але сёння ён вядомы найперш як майстар прозы. На рахунку пісьменніка — зборнікі «Адна капейка», «Вежа», «Сам-насам», два раманы, напісаныя ў суаўтарстве з Максімам Клімковічам, — «Цень анёла» і «Тэолаг» і інш. Апошнія выдадзеныя кнігі Уладзіміра Сцяпана — зборнік хайку «Папяровая шапка», што выйшла ў 2018 годзе ў «Бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў”», і кніга-пераможца Нацыянальнай літаратурнай прэміі — «Хвалі».

«Хвалі» — зборнік прозы, які складаюць мастацкія апавяданні і цыклы мініяцюр, што хутчэй адносяцца да нон-фікшн. У зборніку выявіліся галоўныя рысы творчасці Уладзіміра Сцяпана: майстэрства менавіта кароткай прозы, уменне перадаць у мінімуме слоў максімум сэнсу, «выяўленчасць», візуальнасць вобразаў, своеасаблівая кінематаграфічнасць.

Мастацкія тэксты ў зборніку рэалістычныя і праблемныя, засяроджаныя на актуальных для сённяшняга грамадства пытаннях, што выдатна спалучаецца з самім жанрам кароткай прозы. Так сюжэты атрымліваюцца вастрэйшымі — без марнавання часу і слоў на экспазіцыю і дакладнае апісанне вобразаў.

Але ж большая частка тэкстаў — гэта тыя самыя лірычныя мініяцюры, у якія аўтар запакоўвае найбольш цікавыя і каштоўныя кавалачкі аўтабіяграфіі. Рэдкая аўтабіяграфія пісьменніка атрымліваецца неэмацыянальнай. Толькі ад майстэрства аўтара залежыць, ці будуць гэтыя эмоцыі спрацоўваць на стварэнне атмасферы, раскрываць характары і значэнне падзей або толькі забіваць прастору тэксту і перашкаджаць сюжэту. Уладзімір Сцяпан праблем з авалоданнем эмоцыямі не мае. Проза і вершы Уладзіміра Сцяпана перакладаліся на англіскую, нямецкую, рускую, украінскую і іншыя мовы.

Сцяпан Уладзімір. Выданьні

Гузікі
epub

Гузікі

Сентыментальная гісторыя
Сцяпан Уладзімір

Ехаў у Гомель. Глядзеў у вакно. Белае поле пад шэрым небам, а за полем вёска – белыя дахі, а з комінаў дым… Дзіўна, але і праз шкло імклівага цягніка адчуў казытлівы водар таго дыму. Усміхнуўся, але ніхто маёй усмешкі не заўважыў – маска. (фрагмент)... Болей »

Шэсць кароткіх гісторый
epub

Шэсць кароткіх гісторый


Сцяпан Уладзімір

Калі глядзець зверху, з вышыні палёту начной птушкі, то паляна, на якой спынілася грузавая машына, амаль круглая, а пасярэдзіне доўгі, але не вельмі глыбокі роў. Зямля выкінутая толькі на адзін бок. Лес, дарога, якая робіць пятлю на паляне, роў, светлая зямля… Зверху ўсё гэта нагадвае катлаван. У кузаве... Болей »

Вялікі перапынак
epub

Вялікі перапынак


Сцяпан Уладзімір

Мы сустрэліся ў паўцёмным тамбуры гастранома. Я выходзіў, а ён заходзіў. Мужчына схапіў мяне за локаць, паглядзеў ў твар і засмяяўся: прыязна, бяззуба і радасна. — Не пазнаў? Не пазнаеш? Ну, думай… — гучна гаварыў ён і сціснуў мой локаць, спрабаваў мяне хістаць, як маладзенькае дрэўца. — Не… Не пазнаю... Болей »

Тры яблыкі
epub

Тры яблыкі

Навелы
Сцяпан Уладзімір

Першым, да каго звярнуўся з пытаннем, – вышэзны худы дзядзька ў капелюшы, балонневым плашчы (такія даўно не носяць) і кароткіх гумовых ботах балотнага колеру. На вачах круглыя акуляры з паламанай дужкай (такія трапляюцца на фотаздымках першай паловы мінулага стагоддзя). Мужчына ішоў насустрач і нешта... Болей »

Хвалі
pdf

Хвалі

Проза
Сцяпан Уладзімір

Кожнае мастацтва імкнецца выйсці за свае межы. Проза Уладзіміра Сцяпана – яскравы прыклад такога памкнення. Пра што б ён не пісаў, перад чытачом імгненна ўзнікае выява. Чытаеш словы, а бачыш людзей, краявіды, рэчы, пра якія сказана ўсяго некалькі сказаў. У нечым такая выяўленчая проза нагадвае мастацкае... Болей »

Папяровая шапка
pdf

Папяровая шапка

хайку
Сцяпан Уладзімір

Зборнік Уладзіміра Сцяпана — кароткія паэтычныя тэлеграмы з трох радкоў. Яны — як фотаздымкі, якія фіксуюць розныя моманты жыцця. Кожны верш з сямнаццаці складоў – спроба знайсці паэзію ў самым звычайным і будзённым.... Болей »

Букет
epub

Букет

Мініяцюры
Сцяпан Уладзімір

У 1970 годзе я вучыўся ў пятым класе і быў упэўнены, што жыць у Савецкім Саюзе лепш чым дзе. І нават у шостым яшчэ верыў, але веры той крыху паменела. Была ў тыя школьныя гады мода сярод гэпэшных дзяцей перапісвацца з аднагодкамі з іншых краін. Дзе мы бралі адрасы, як знаёміліся – не памятаю. Я перапісваўся... Болей »

Пра любоў
epub

Пра любоў

Тры навэлы
Сцяпан Уладзімір

Мне дванаццаць з паловай, і я сяджу на мулкім крэсле з жалезнымі ножкамі ў вузкай бальнічнай палаце на адно вакно. Белы халат, які загадалі накінуць на плечы, – доўгі, адзін рукаў падраны, а на другім россып зялёных і рудых плямак. Пахне той халат чамусьці пудрай і рудым гаспадарчым мылам. А ў светлай... Болей »

Адна капейка
pdf

Адна капейка

кніга прозы
Сцяпан Уладзімір

У зборнік Уладзіміра Сцяпана «Адна капейка» ўвайшлі лепшыя творы, напісаныя аўтарам за апошнія восем гадоў, — навелы, апавяданні і тэксты без пэўнай жанравай маркіроўкі. Большасць з іх была надрукавана ў беларускіх часопісах і газетах. Некаторыя перакладзены на рускую, украінскую і польскую мовы.... Болей »

Дзікае паляванне

Дзікае паляванне

Легенда ў малюнках паводле аповесці У. Караткевіча
Глобус Адам, Сцяпан Уладзімір

Дзікае Паляванне (Wilde Jagd, Wild Hunt), народны міф, пашыраны некалі ў Паўночнай Еўропе ды Брытаніі Аснова міфу паўсюль амаль аднолькавая: фантастычны гурт паляўнічых з адпаведным рыштункам (на конях, і з сабакамі; часам на чорных конях і з чорнымі сабакамі і г.д.) праносіцца імклівай пагоняй па небе.... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org