- Kamunikat.org
 - Бібліятэка
 - Кнігазборы
 - Калекцыі
 - Іншае
 
            
            
 
Віктар Жыбуль нарадзіўся 3 кастрычніка 1978 г. у Менску. Закончыў менскую сярэднюю школу № 87 (1995), філфак БДУ (2000), асьпірантуру пры ім (2003). Кандыдат філялягічных навук (2003). Працаваў у часопісе творчай моладзі “Першацвет” (1995 – 2002), цяпер – у часопісах “Роднае слова” і “Arche”.
Літаратурны шлях пачаў зь перамогі на менскім гарадзкім паэтычным конкурсе “Родны горад” (1994). Набыў вядомасьць як паэт-экспэрымэнтатар, аўтар некалькіх паліндромных паэм. Выдаў зборнікі паэзіі “Калі ў хаце дывэрсант” (1996), “Рогі гор” (1997), “Прыкры крык” (2001), “Дыяфрагма” (2003).
Выступае таксама як дасьледчык-літаратуразнаўца (сфэра навуковых зацікаўленьняў – авангардная паэзія, фармальны экспэрымэнт у літаратуры, сынтэз мастацтваў). Разам зь Верай Бурлак пераклаў кнігу Арнольда Макміліна “Беларуская літаратура дыяспары” (2003). Сабраў і выдаў спадчыну адметнага, але заўчасна памерлага паэта Дзяніса Хвастоўскага (кніга “Лугназад”, 2006).
Удзельнік творчага руху “Бум-Бам-Літ” (зь вясны 1996 г.), многіх літаратурна-музычных праектаў, мастацкіх акцый, пэрформансаў. Спрычыніўся да дзейнасьці музычных гуртоў “Левае зазямленьне”, “Бусьлік супраць Кадука”, “Засралі казарму”, цяпер выступае з калектывам “Рацыянальная дыета”, які апошнім часам ладзіць музычна-паэтычныя канцэрты, ставіць авангардныя спектаклі паводле твораў сучасных аўтараў, а таксама клясыкаў футурызму. Адна з апошніх роляў Віктара – Разбойнік у п’есе “Янко крУль албАнскай” Ільлі Зданевіча.
Удзельнічаў у міжнародных праектах “Art-Lit-Akt” (Беларусь – Швецыя, 1999), “1984” (Беларусь – Латвія, 2000), “Вечар маладых паэтаў Беларусі” (Расея, Масква, 2001), “Сувязьразрыў” (Украіна – Беларусь, 2004), “Парадак слоў” (Мінск, 2006, 2007), “Навстречу – насустрач” (з расейска-амэрыканскім паэтам Сашам Гальперам; Мінск, 2007), “Дні беларускай і швэдзкай паэзіі” (Мінск – Гродна – Пінск, 2007), “Дні беларускай культуры ў Польшчы” (Вроцлаў, 2007), “Месяц аўтарскага чытаньня” (Брно, 2007) і інш.
Вершы Віктара Жыбуля перакладаліся на ангельскую, баўгарскую, латыскую, літоўскую, нямецкую, польскую, расейскую, украінскую, чэскую мовы.
Крыніца: Сайт Выдавецтва Галіяфы http://www.goliafy.com
                                                        Віктар Жыбуль нарадзіўся 3 кастрычніка 1978 г. у Менску. Закончыў менскую сярэднюю школу № 87 (1995), філфак БДУ (2000), асьпірантуру пры ім (2003). Кандыдат філялягічных навук (2003). Працаваў у часопісе творчай моладзі “Першацвет” (1995 – 2002), цяпер – у часопісах “Роднае слова” і “Arche”. Літаратурны... Болей »