be

Мудроў Вінцэсь

Мудроў Вінцэсь

Мудроў Вінцэсь (11.09.1953, Полацак), беларускі літаратар і журналіст, актыўны ўдзельнік руху самвыдату ў 1970-1980-я, крытык камуністычнай нацыянальнай папітыкі, цярпеў ад перасьледаў з боку КГБ.

Дзяцінства і юнацтва М., сын савецкага афіцэра (расейца па нацыянальнасьці), правёў на радзіме маці ў Беларусі. У старэйшых клясах сярэдняй школы № 2 Наваполацку ён ужо быў вядомы ў моладзевым асяродку як чалавек, што крытычна ставіўся да савецкае рэчаіснасьці і адчуваў у сувязі з гэтым ціск з боку адміністрацыі, непасрэднай прычынай для якога паслужыла вывешваньне на школьнай дошцы аб'яваў праграмаў передачаў «Голаса Амэрыкі», «Радыё Саабода» і іншых заходніх радыёстанцыяў. .

У пэрыяд вучобы ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце стаў ініцыятарам выданьня рукапіснага літаратурна-мастацкага часопісу «Блакітны ліхтар». Разам з групай аднадумцаў (Валеры Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў, Андрэй Грабаў і інш.) выпусьціў у 1971-1974 15 нумароў часопіса. Нумар, цалкам падрыхтаваны М., зьмяшчаў ягоныя меркаваньні па праблеме беларускай мовы і яе пэрспэктываў ва ўмовах СССР. Поруч з чыста літаратурнымі матэрыяламі ў часопісе пастаянна зьмяшчаліся публіцыстычныя творы, дзе крытыкавалася праводзімая ў Беларусі палітыка русіфікацыі. У адным са сваіх вершаў М. параўнаў беларусаў са зьніклым народам этрускаў. .

Часопіс паступова павялічыў лік аўтараў і акрамя Полацку і Наваполацку дастаткова шырока чытаўся і меў рэзананс у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і іншых менскіх вышэйшых установах. У 1974 на сьлед часопісу выйшаў КГБ. У вачох гэтае інстытуцыі ўяўляла грамадзкую небясьпеку ўжо сама беларуская мова моладзевага альманаху, які выходзіў у «інтэрнацыянальным сацыялістычным горадзе», у якасьці якога Наваполацак паказваўся афіцыйнай прапагандай. Усе нумары «Блакітнага ліхтара» былі канфіскаваныя. З М. і інш. выдаўцамі былі праведзеныя «прафіляктычныя гутаркі», у выніку чаго выпуск часопіса прыпыніўся. .

У 1976 М. скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Па прычыне палітычнай ненадзейнасьці яму было адмоўлена ў прыёме на працу на Наваполацкі завод «Вымяральнік», які належаў да ліку «абаронных» прадпрыемстваў. .

У другой палове 1970-1980-х М. актыўна займаўся капіяваньнем і распаўсюджваньнем забароненай у СССР літаратуры, у прыватнасьці, твораў М.Булгакава «Ракавыя яйкі» і «Сабачае сэрца». Асаблівае месца ў гэтай дзейнасьці займала нелегальнае распаўсюджваньне недаступных беларускаму чытачу навуковых і публіцыстычных матэрыялаў нацыянальнага характару: «Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка» В.Ластоўскага, беларускага часопіса «Крывіч»; антыкамуністычных вершаў і паэмаў вязьня ГУЛАГу паэткі Ларысы Геніюш. М. наведваў Л.Геніюш у яе доме ў Зэльве Гарадзенскай вобл.; у 1983 удзельнічаў у пахаваньні паэткі, якое адбылося пад татальным кантролем КГБ. .

Працаваў на прадпрыемствах Наваполацку, а пасьля Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі РСФСР. Пастаянна адчуваў увагу КГБ. У 1986 супрацоўнікі КГБ падчас чарговай «прафіляктычнай гутракі» пагражалі выслаць М. зь Ямала-Нянецкай акругі за антысавецкую дзейнасьць. .

У канцы 1980-х М. вярнуўся ў Беларусь і цяпер жыве ў Наваполацку. Ён займае актыўную грамадзкую пазыцыю: з 1990 - сябра Беларускага Народнага Фронту, удзельнічае ў акцыях дэмакратычнай апазыцыі. З 1995 - карэспандэнт «Радыё Свабода» па Полацкім рэгіёне. Вядомы таксама як аўтар некалькіх кнігаў мастацкае прозы і перакладчык з альбанскае і расейскае моваў. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру. (Уладзімір Арлоў) .

Крыніца: Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік.

Мудроў Вінцэсь. Выданьні

Як добра быць паэтам!
epub

Як добра быць паэтам!

апавяданьне
Мудроў Вінцэсь

Ад самай раніцы ў дзверы пазванілі. Ігнат паспрабаваў расплюшчыць павекі, але яны заліплі і давялося раздзерці пальцамі. Званок паўтарыўся, пры гэтым гучаў настойліва і нецярпліва. — Заяц, — шапянулі сасмяглыя вусны. Вохкаючы, Ігнат споўз з ложка, заляпаў босымі нагамі. Зайца, суседа з пятай кватэры... Болей »

Начная дарога
epub

Начная дарога

апавяданьне
Мудроў Вінцэсь

Студэнцкае жыццё «на бульбе» вядомае. Удзень, пад панылым восеньскім дажджом, збіраеш караняплоды, потым вячэраеш у імправізаванай, збітай з аполкаў і зацягнутай поліэтыленам сталоўцы, нарэшце, куляеш бутэльку «чарніла» і выпраўляешся з сябрамі ў суседнюю вёску на скокі. І выпраўляешся не пехатою, а... Болей »

Песні ранняй вясны
epub

Песні ранняй вясны

апавяданьне
Мудроў Вінцэсь

Вось жа так бывае: у сярэдзіне сакавіка, калі зямля крыху прагрэецца, калі на вярбе пачынаюць прабівацца катахі, а па праталінах шпацыруюць гракі, выглядаючы якой спажывы, раптам — звычайна сярод ночы — налятае страшная непагадзь з завірухай, сіпатым ветравеем і снежнымі заносамі. І там, дзе надоечы... Болей »

Перформанс
epub

Перформанс

апавяданьне
Мудроў Вінцэсь

На беразе невялічкай ракі сядзяць два старыя сябры — Васька Лабейка і Лёшка Апейка. Паміж імі, на разасланай газеце, ляжыць пару памідорын, лусты няроўна накроенага хлеба, а крыху зводдаль стаяць, накрытыя чырвонымі капялюшыкамі асавікоў, два вядры з грыбамі. Хлопцы, як гэта яны любяць рабіць пад чарку... Болей »

Дом творчасці
epub

Дом творчасці

Апавяданьне
Мудроў Вінцэсь

За вокнамі з урачыстай павольнасцю праплылі гарадскія ўскраіны, аўтобус з’ехаў з магістралі і, страсянуўшыся на калдабане, пакаціў па гравійцы. Паабапал дарогі паўстаў вячысты лес, і ў салоне адразу ж стала цёмна. Юрась машынальна паправіў гальштук, скасіў вока на кіроўцу. Рабаціністы малец у кудлатай... Болей »

Зарок

Зарок

Апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Я бягу следам за міліцэйскай машынай, што паволі, калоцячыся на калдобінах, едзе па дарозе. З-пад колаў вылятае густая пылюка, якая рэжа вочы, трашчыць на зубах і салодка свярбіць у горле. Пад’ехаўшы да збітага з дошак барака – яго ў нас называюць «інтэрнатам», – машына спыняецца і на момант знікае ў... Болей »

Забойца анёла
pdf epub

Забойца анёла

Аповесці і апавяданні
Мудроў Вінцэсь

Вядомы празаік, адзін з найбольш яркіх аўтараў полацкага андэграўнду 1970-х, падрыхтаваў новую кнігу “Забойца анёла” — апавяданні і аповесці, напісаныя цягам апошняга дзесяцігоддзя. Пра аўтара: Вінцэсь Мудроў (нарадзіўся ў 1953 годзе) — празаік, аўтар кніг “Жанчына ля басейна” (1992), “Гісторыя аднаго... Болей »

У лазні
epub

У лазні

апавяданьне
Мудроў Вінцэсь

Сакавіцкай парой прыемна пахнуць бярозавыя венікі. Высахлыя на ветры, яны струменяць даўкі водар, шамацяць, калі іх злёгку патрэсці, і гэтым сваім шамаценнем выказваюць гатовасць зараз жа апусціцца ў кіпень і хвацка прыкласціся да распаранага азадка… Перадаўшы прадавачцы дваццаць тысяч, Макар схаваў... Болей »

Тузік і Кузік
epub

Тузік і Кузік

апавяданьне
Мудроў Вінцэсь

Прадказанне, як вядома, справа рызыкоўная. Вось і матухна Пелагея штогоду кажа: «На габрэйскую Пасху халадэча, а на нашу — Божая цяплынь». А што маем? Чысты чацвер падаспеў, а ў паветры белыя мухі кружляюць, і Тузік з Кузікам — два ўвішныя, невядомай пароды, дварнякі, — не могуць угрэцца і сядзяць у... Болей »

Кава апоўначы
epub

Кава апоўначы

апавяданьне
Мудроў Вінцэсь

Рыгор Мікалаевіч — малады, збольшага непітушчы кандыдат навук — выбег з ваннага пакоя і, пакідаючы на падлозе сляды мокрых ног, падбег да шафы. Высунуўшы шуфляду, дзе ляжала ніжняя бялізна, ён выцягнуў адтуль трыкатажныя трусы фірмы «Pumа», нацягнуў на жылістыя клубы і заклапочана спахмурнеў: жоўтая... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org