- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Падзеі 1918 г. становяць сабою лёгічны й фактычны працяг развою, запачаткаванага пры самым канцы 1917 г. на Першым Усебеларускім Кангрэсе ў Менску. Ход гэтых падзеяў Актам 25 Сакавіка 1918 г. разьмяжоўваецца надвая. Тымчасам, як падзеі пачатку году да 25 Сакавіка — гэта падзеі бязупыннага ўздыму, нарастаньня й напружаньня руху, завершаныя-ўкаранаваныя Вялікім Актам, — развой пасьля яго праходзіць у вабставінах змаганьня за рэалізацыю Акту, вымушаных пэрыпэтыямі гэтага змаганьня зрываў і адступленьняў, а таксама хваробаў росту. Дык і разгляд гэтых падзеяў тым самым распадаецца на дзьве часткі. Прапанаваная тут увазе чытачоў першая частка й абыймае сабою падзеі да 25 Сакавіка 1918 г. улучна.