en

About Us

Камунікат – бібліятэка для ўсіх беларусаў!

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org – гэта найбуйнейшая беларуская on-line бібліятэка ў сьвеце. У нашых рэсурсах сабрана ўжо амаль 60 000 розных беларускіх публікацый (кнігі, аўдыёкнігі, газэты, часопісы, відэа і іншае). Кіруемся прынцыпам: сабраць у адным месцы тое, што выдадзена па-беларуску альбо пра Беларусь на іншых мовах. Шмат якія кнігі мы маем у фармаце ePub ці mobi, зручным для выкарыстаньня ў электронных чыталках.

Наша мэта – зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай і больш даступнай для беларусаў.

Aдлічбоўваем архіўныя нумары беларускай прэсы: той, якая выходзіла ў самой Беларусі і ў эміграцыі (Нямеччына, Вялікая Брытанія, Францыя, ЗША, Канада) або выдавалася беларускай этнічнай меншасьцю ў Польшчы ці ў Літве. Гэтыя пэрыядычныя выданьні публікуюцца на сайце Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі ў рубрыцы Перыёдыка.

Запісваем аўдыёкнігі сучасных беларускіх аўтараў. Сярод кніг, якія мы агучылі ў супрацоўніцтве зь Міжнародным Саюзам Беларускіх Пісьменьнікаў разам зь беларускімі акторамі Купалаўскага тэатру (Свабоднымі купалаўцамі), ёсьць і "Галасы Утопіі" Сьвятланы Алексіевіч – пяцікніжжа, за якое яна, першая ў гісторыі беларуска, атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Агучаныя таксама кнігі Ларысы Геніюш, Уладзіміра Арлова, Андрэя Федарэнкі, Барыса Пятровіча, Алеся Аркуша, Артура Клінава, Валеры Гапеева і іншых сучасных беларускіх аўтараў. Зусім бясплатна іх можна паглядзець і паслухаць на нашым YouTube-канале, на які вельмі рэкамэндуем падпісацца.

З 2021 году вядзем таксама выдавецкую дзейнасьць. Мы выдалі ўжо больш за 20 друкаваных кніг, якія распаўсюджваюцца ў асноўным на кніжных кірмашах падчас розных імпрэзаў беларускай дыяспары, на аўтарскіх сустрэчах, а таксама празь інтэрнэт. Сярод нашых аўтараў самыя папулярныя сучасныя беларускія літаратары: Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Валянціна Аксак, Ганна Янкута, Алег Мінкін і ішныя.. Мы выдалі таксама грунтоўную манумэнтальную кнігу «(Не)расстраляныя» – пра беларускіх літаратараў, расстраляных савецкімі катамі ў 1937 годзе.

Нас можна сустрэць на найважнейшых кніжных кірмашах у Польшчы і Літве. Прэзэнтацыі нашых выданьняў і сустрэчы з аўтарамі праводзіліся дагэтуль ў Польшчы, Літве, Нямеччыне і Італіі. Такія імпрэзы, дзе б яны ні праходзілі, заўсёды нагода для сустрэчаў зь беларускай дыяспарай, з тымі беларусамі, якія не па сваёй волі пакінулі Бацькаўшчыну.

Kamunikat.org – Belarusian Internet Library
Permission for reprints of the resources is granted only with the credit to the source.
Permission for reprints on the Internet is granted only with the hyperlink to the Kamunikat.org site.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Copyright © 2000-2025 by Kamunikat.org