«24.02» - выстава пра вайну ва Украіне
2022-08-24 17:47
Польскі нацыянальны фонд і Нацыянальны цэнтр культуры запрашаюць наведаць фотавыставу пра вайну ва Украіне пад назвай «24.02». З пятніцы выстава разгорнута перад галерэяй «Кардэгарда» на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве.
Дырэктар Польскага нацыянальнага фонду Марцін Зажэцкі ў эфіры Польскага радыё 24 казаў, што выстава ўяўляе сабой чорна-белы храналагічны фотанарыс месцаў, дзе вырашаліся чалавечыя лёсы падчас вайны:
-Калі б гэта была серыя здымкаў, якія загадзя планаваліся, каб паказаць іх на нейкай выставе, то яны б страцілі сваю інтымнасць. Паколькі аўтар, Мацей Беджыцкі, ездзіў з групаў брытанскіх журналістаў, гэтая выстава мае цалкам іншы характар. Выстава ўзнікла як спантанны аповед. Свабодны струмень вобразаў і захадаў.
Марцін Зажэцкі дадаў, што выстава паказвае драму ўкраінскіх бежанцаў і дапамогу Украіне з боку Польшчы, а таксама распавядае пра чалавечую натуру:
-Расказвае пра драму, трагедыю, боль, боязі тых, хто шукае сховішча ў чужой краіне. Расказвае таксама пра тое, што прыгожае, шляхетнае, геройскае. Пра бескарыслівую дапамогу, здольнасць быць эмпатычным, міжнародную салідарнасць. Пра тое, што мы мелі і маем дачыненне з незвычайнай грамадскай мабілізацыяй. Гэта гісторыя пра тое, што ў здавалася б безвыходнай сітуацыі ёсць надзея. А яе ствараюць людзі.
Дырэктар Польскага нацыянальнага фонду патлумачыў, што чорна-белым колерам было вырашана падкрэсліць драматызм ваеннай сітуацыі.
Фатаграфіі былі зроблены ў тым ліку ў Дарагуску каля мяжы, падчас першай кульмінацыі ўцёкаў з Украіны.
Экспазіцыю складаюць 14 фотаздымкаў вялікага фармату з надпісамі на польскай, англійскай і ўкраінскай мовах, а таксама дошкі і іканапіс. Яе можна паглядзець да 30 жніўня.
ав