4 мая 2005 года памёр беларускі Анатоль Сыс
2020-05-04 00:33
Анатоль Сыс пражыў 45 бурных гадоў. Гэты паэт, народжаны ў наддняпроўскай вёсцы Гарошкаў Рэчыкага раёна, быў знакавай фігурай свайго часу і актыўным удзельнікам змагання за незалежнасць Беларусі.
Паглядзіце першы беларускі бардаўскі КЛІП, алічбаваны з запісу 1995 года. «Дай Бог, каб маё каменне аднойчы іх апякло».
4 мая 2005 года памёр беларускі «пракляты паэт» Анатоль Сыс. Спаўняецца 15-я гадавіна ягонай смерці.
Да гэтай нагоды быў алічбаваны першы беларускі бардаўскі відэакліп 1995 года, на якім бард Андрэй Мельнікаў спявае песню на верш Анатоля Сыса «Маналог Алеся Гаруна» («Гараць камяні ў маім вогнішчы»).
У сярэдзіне 90-х гэты кліп трансляваўся па беларускім тэлебачанні. З таго часу тэлебачанне стала не надта беларускім і кліп нідзе больш не паказвалі.
Ацаніце стылістыку таго часу:
Вось тэкст песні:
Гараць камяні ў маім вогнішчы,
расцвеленыя агнём,
нібы ваўчаняты ў логвішчы
сонечным прамянём.
У твар мне шугае полымя,
ды я ўсё адно бяру
каменне рукамі голымі
і гэткім, як сам, дару.
Бяруць і да сэрцаў туляць:
няхай нас ратуе боль
і вучыць пра бліжніх думаць,
пра тых, хто гібее ў золь,
пра тых, хто прамёрз да костак,
хто шлях да агню згубіў,
хто д'яблу чырвоным хростам
Айчыну сваю пазбыў.
Дай Бог, каб маё каменне
аднойчы іх апякло,
прымусіла ўстаць з каленяў,
пайсці на маё святло.
Я — тут! Я шугаю полымем!
Праз боль я з сябе бяру
каменне рукамі голымі
і гэткім, як сам, дару.
Дай Бог, каб маё каменне
Жар-птахам дайсці змагло
да тысячных пакаленняў
і сэрцы іх апякло!