55 гадоў споўнілася мастаку Алесю Пушкіну
2020-08-06 23:04
Свой 55-ты дзень народзінаў мастак сустракае ў Косаўскім палацы на Берасцейшчыне – палацы Пуслоўскіх, які цяпер рэстаўруецца.
“Пачаў пісаць Афіну Палладу”, – падзяліўся Алесь Пушкін сваімі бліжэйшымі планамі. Але ўвечары ў менскім Музеі гісторыі беларускага кіно з ягоным удзелам пройдзе імпрэза “Пушкін з намі…55!”, дзе будзе паказаны аднайменны дакументальны фільм Віктара Дашука і адбудзецца грамадская дыскусія пра ролю мастака ў грамадстве.
Мастаком сябе Алесь Пушкін пачаў адчуваць гадоў у 6 – так кажа ён сам. З 13-ці гадоў вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка.
Скончыў Беларускую акадэмію мастацтва. А пачаткам сваёй творчай біяграфіі ён лічыць 1986 год, калі ягоная праца “Партрэт хроснай” упершыню трапіла ў Палац мастацтваў, кажа Алесь Пушкін:
– Першая сур’ёзная мая творчая імпрэза 1986-га года – гэта першая моладзевая выстава, калі я прынёс першую працу студэнцкую. Гэта партрэт хроснай маці, якая лушчыць фасолю. Там стручча фасолі, белыя фасоліны і яе цёмныя рукі, спрацаваныя…
Алесь Пушкін прыгадвае, што тады знакаміты мастак Міхаіл Савіцкі параіў яму змяніць назву партрэта – на двары яшчэ былі атэістычныя савецкія часы… Але мастак адмовіўся. І гэты бунтарскі дух і непахіснасць творчых і грамадзянскіх поглядаў ён нясе скрозь усё жыццё.
25-га сакавіка 1989-га ён зладзіў свой першы перфоманс, якім запачаткаваў мастацтва сац-арту ў Беларусі. Быў неаднаразова арыштаваны і асуджаны за свае мастацкія акцыі. Распісаў шмат храмаў, у тым ліку царкву ў родным мястэчку, дзе ў сцэне Страшнага суда змясціў выявы прадстаўнікоў сучаснай улады…
Сябе Алесь Пушкін паўжартам называе “простым беларускім мастачком” і дадае, што ён адзіны чалец Саюзу мастакоў на ўвесь Крупскі раён – на 36 тысяч тамтэйшага насельніцтва. Ягонае “месца сілы” – гэта родная мястэчка Бобр, дзе ў бацькоўскай хаце месціцца ягоная майстэрня.
І Алесь Пушкін марыць пра тыя часы, калі кожны беларускі мастак будзе мець на сваёй малой радзіме невялікі мемарыяльны музей – каб землякі і нашчадкі мелі падставы ганарыцца невялікім, але шчырым унёскам кожнага ў вялікае Сусветнае мастацтва.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя