ААН прапануе вырашэнне міграцыйнага крызісу ў Беларусі
2021-11-14 15:05
Тут можа ўзнікнуць праблема, бо далёка не ўсе хочуць вяртацца дадому.
Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў заявіла, што сітуацыя на беларускай мяжы катастрафічная. Прадстаўнікі арганізацыі заклікалі беларускія ўлады перавесці і пасяліць людзей у больш бяспечныя месцы. Таксама гаворыцца пра два варыянты выхаду з крызіса: вяртанне мігрантаў дамоў або пасяленне ў Беларусі.
За 11 лістапада польскія памежныя службы прадухілілі 223 спробы незаконнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. Паводле дадзеных польскай паліцыі, спробы прарыву мяжы рабіліся ўчора ўначы і раніцай. У адной групе было 35 чалавек. Аднак прарвацца ў Еўрасаюз ім не ўдалося. Траіх парушальнікаў мяжы затрымалі. Сярод іх двое грамадзян Ірака і адзін сірыец. У адносінах да 26 чалавек прынята рашэнне аб выдаленні з Польшчы.
Памежная ахова Польшчы распавяла пра тое, што беларускія сілавікі сілай штурхаюць мігрантаў на прарыў памежнай агароджы. Як распавяла Эвеліна Шчэпаньска з прэс-службы штаба Памежнай аховы, лукашэнкаўскія службы выкарыстоўваюць жанчын і дзяцей для псіхалагічнага ўздзеяння.
- Беларускія службы штуршкамі прыгналі групу мігрантаў пад агароджу да тых, хто ўжо там быў. Сярод іх было недзе 30-40 чалавек жанчын і дзяцей. Спецыяльна, каб было чуваць галасы дзяцей.
Міністэрства абароны Польшчы ў Twitter апублікавала відэа, як беларусы гоняць калону мігрантаў уначы ўздоўж плота з калючага дроту, усталяванага на мяжы. Таксама спрабавалі сляпіць польскіх памежнікаў пры дапамозе лазера.
Міністр абароны Марыюш Блашчак заявіў, што сітуацыя на ўсходняй мяжы напружаная, але стабільная.
- Ёсць шмат правакацый і спроб прарвацца праз памежную агароджу, але Памежная ахова ды Войска польскае прадухілілі гэтыя парушэнні. Памежнікі ды жаўнеры вядуць сябе прафесійна, не падаюцца на правакацыі ды гарантуюць бяспеку мяжы.
Мяжу Беларусі з Польшчай наведаў прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) у Беларусі Мулусеу Мама.
- Сітуацыя катастрафічная. Праз дзень, я думаю, яна будзе яшчэ больш катастрафічная. Трэба нешта рабіць. Таму мы ўжо пачалі прадстаўляць гуманітарную дапамогу.
Сітуацыя з мігрантамі ў Беларусі стала настолькі напружанай, што пытанне вынеслі на пасяджэнне Рады Бяспекі ААН. Краіны ЕС, Вялікабрытанія ды ЗША назвалі вінаватым у распальванні крызісу Лукашэнку. Бакі лічаць яго пагрозай рэгіянальнай бяспецы і заклікаюць да санкцый.
Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі прапанаваў перамясціць мігрантаў, якія назапасіліся на межах Беларусі, у «больш бяспечныя месцы» краіны. Таксама прапануецца вярнуць усіх жадаючых на Радзіму. Тут можа ўзнікнуць праблема, бо далёка не ўсе хочуць вяртацца.
- Мы спадзяемся, што мы не вернемся ў Курдыстан. Мы спадзяемся, што мы ня вернемся ў Курдыстан, жывыя ці мёртвыя. Спадзяемся, што гэтае відэа дойдзе да міжнародных арганізацыяў і еўрапейскіх СМІ, каб яны ведалі пра дрэннае становішча гэтых людзей.
Тым, хто адмовіцца ехаць да дому, ААН прапануе звярнуцца па прытулак у Беларусі, якая лічыцца ААН бяспечнай краінай.
Нагадаем, што міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэння адносін паміж Беларуссю і Літвой, Латвіяй і Польшчай пры канцы мая бягучага года.
У пачатку ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш не будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Еўрасаюза, таму што з-за санкцый «у нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
Сітуацыя рэзка абвастрылася 8 лістапада, калі вялікая калона мігрантаў з Блізкага Усходу накіравалася ў бок памежнага пераходу «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. Дзяржпагранкамітэт налічыў у ёй каля дзвюх тысяч чалавек. Не дайшоўшы 300 метраў да пагранперахода, яны завярнулі ў лес і пачалі разбіваць лагер. Пазней яны беспаспяхова шматкроць спрабавалі штурмаваць мяжу.
Са жніўня польскія памежнікі зафіксавалі 33,2 тыс. спробаў незаконнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. За ўвесь мінулы год іх было ўсяго 88.
Юры Ліхтаровіч