- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Профі ў сусьветным павуціньні Анлайнавай журналістыкай сёньня мусяць авалодваць профі з традыцыйных мэдыяў — газэтчыкі, радыйнікі. І — наступаюць на граблі ўяўнай лёгкасьці. Бо каму-кольвек здаецца: уся розьніца толькі ў тым, што ня трэба паперы ці этэру. Робіш матар’ял паводле звыклых канонаў — і выкладаеш на сайт. Хіба ня так? А вось і ня так! Я сам стары газэтчык і прайшоў цераз ломку стэрэатыпаў, пачаўшы працаваць на сеціва. Было гэта ў 2002-м, калі генэральны дырэктар інфармацыйнае кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай задумаў праект першай у краіне поўнамаштабнай грамадзка-палітычнай інтэрнэтгазэты «Беларускія навіны» (http://www.naviny.by). Вашаму пакорнаму слугу было прапанавана стаць яе галоўным рэдактарам. Мы тут аказаліся піянэрамі, таму за два з паловай гады працы ў гэтым амплюа давялося многае асвойваць славутым мэтадам тыцканьня, што стварала часам пэўны дыскамфорт. Затое ў выніку адчулі, не пабаюся патасу, новае вымярэньне творчае свабоды.