Абноўлены сайт «Ноч паэтаў». Ужо можна дадаваць свае імпрэзы
2025-10-07 17:44
Арганізатары імпрэзаў, прысвечаных «Ночы (не)расстараляных паэтаў», у розных гарадах ужо могуць дадаваць свае мерапрыемствы на адмысловую мапу на абноўленым сайце Ноч паэтаў.
У раздзеле сайта
«Пераклады» з’явіўся новы пераклад — на ісландскую мову. У працэсе будуць дадавацца новыя пераклады вершаў (не)расстраляных паэтаў на розныя мовы свету.
На старонцы 2024 года можна пабачыць колькасць імпрэзаў, што адбыліся летась.
Акцыя «Ночы (не)расстараляных паэтаў» не мае агульнай каардынацыі — усе падзеі ладзяцца беларусамі самастойна. Старонку «Ноч паэтаў» можна лічыць агульнай кропкай збору інфармацыі і метадычнай базай, што дапамагае сарыентавацца ў тэме і зладзіць сваю вечарыну.
Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — трагічная дата беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Сёння мы называем яе «Ноччу паэтаў», бо ў гэтыя дні аддаём пашану памяці нашых выдатных творцаў, якія былі фізічна знішчаныя тагачасным рэжымам. Але іх памкненне да свабоды творчасці, іх вольны дух, іх авантурызм, эксперыментатарства ў паэзіі і прага да жыцця і цяпер працягваюць натхняць нашых сучаснікаў.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.
Самаму старэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў, а сярод самых маладых — паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пётр Хатулёў (25 гадоў), педагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў).
Гэта быў не першы і не апошні масавы расстрэл. Яны адбываліся ў папярэднія і наступныя дні — аж да прыходу ў Мінск нямецкіх войск летам 1941-га. Але Чорная ноч была масавым спланаваным і санкцыянаваным забойствам беларускай нацыянальнай эліты.