15 лістапада 2025 года, у Дзень зняволенага пісьменніка, Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» абвясцілі пераможцаў і лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча — узнагароды за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні або на тэму зазнанага зняволення. Прэмія носіць імя пісьменніка, публіцыста і ўдзельніка антысавецкага супраціву, які сам прайшоў праз лагеры і апісаў свой вопыт у кнізе «У капцюрох ГПУ».
Пераможцы прэміі імя Францішка Аляхновіча — 2025
Пётр Уманскі (псеўданім)
за кнігу «РАЗ ДВА ТРЫ ЧАТЫРЫ ДВА»
Дзіяна Маеўская (псеўданім)
за твор «Казка пра замак»
Галена Савіцкая (псеўданім)
за твор «Па кальцавой дазволеныя 120»
Лаўрэаты і лаўрэаткі прэміі
Аляксандр Францкевіч — за зборнік турэмных вершаў
Паліна Саук — за твор «Таким я тебя запомню»
Максім Вінярскі — за вершы «Прости жена, мы даже не знакомы», «Няўдзячны Юдаў лёс...»
Уладзімір Булаўскі — за вершы «Лічбы», «Няма вясны»
Алег Кулеша — за вершы «Пад N10. Карагодныя вершы»
Спецыяльная адзнака
Ініцыятыва «Праект 361.1»
з творам «Гайд Палітзняволення» — за ўважлівую працу па ператварэнні асабістага і калектыўнага досведу ў мастацка-дакументальнае сведчанне.
Вынікі прэміі пракаментавала праваабаронца і старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
«Патрон прэміі — Францішак Аляхновіч — „бацька беларускага тэатра“, драматург і тэатразнаўца, актор, рэжысёр, публіцыст... Адзін з першых у сусветнай літаратуры апісаў жахі савецкіх рэпрэсій і катаванняў у бальшавіцкіх лагерах. Арыштоўваўся пры Расійскай імперыі, пры Польшчы, пры СССР. Саветы абвінавацілі яго ў „шпіянажы на карысць Польшчы“ і абмянялі на арыштаванага ў Польшчы палітыка і філолага Браніслава Тарашкевіча, якога потым расстралялі ў „чорную ноч“. Самога ж Аляхновіча забілі ў Вільні.
Упершыню кнігу Аляхновіча „У капцюрах ГПУ“ выдалі на польскай мове (1934) і толькі ў 1937 годзе — на беларускай. Герой твора — даверлівы беларус, які вярнуўся на Радзіму з-за мяжы, паверыўшы савецкай прапагандзе, з наіўным спадзяваннем, што здзейсніць свае мары пра беларускі тэатр. Але замест гэтага ён трапляе ў лагер, дзе зазнае катаванні. Сёння ў лукашэнкаўскай Беларусі таксам працуюць „камісіі па вяртанні“, зазываючы беларусаў вяртацца на Радзіму. Хто паверыў — часта паўтарае лёс героя Аляхновіча...
Кнігі, рукапісы і творы, якія адзначае прэмія, не могуць быць сёння выдадзеныя ў Беларусі, ўжо надрукаваныя творы часта трапляюць у
спісы забароненай літаратуры. І гэта яшчэ адна паралель, своеасаблівая рыфма паміж сённяшнімі беларускімі рэаліямі і акалічнасцямі існавання літаратуры сто гадоў таму: кнігі самога Аляхновіча былі забароненыя загадам № 33 Галоўліта БССР ад 3 чэрвеня 1937 г. Францішак Аляхновіч — другі ў спісе з 421 пазіцыі. Насупраць ягонага імя стаіць пазнака:
„Усе кнігі“».
Прэмія традыцыйна прысуджаецца з 2013 года ў Дзень зняволенага пісьменніка і нагадвае пра тое, што літаратура — гэта не толькі мастацтва, але і форма супраціву. Удзельнікі і ўдзельніцы прэміі — людзі, якія пішуць у нялёгкіх умовах, часта без доступу да паперы, кніг і сувязі з вонкавым светам.
Беларускі ПЭН падкрэслівае, што гэтая прэмія будзе існаваць столькі, колькі будзе патрэбная, але мы ўсе спадзяёмся, што неўзабаве надыдзе час, калі прэмія страціць сваю актуальнасць.