У 2009–2013 годах складалася ўражаньне, што беларуская мова адраджаецца — дзякуючы моладзі, якая пераходзіла з расейскай на беларускую, прынамсі ў пэўных абставінах. Сёньня пра моўную сытуацыю ў Беларусі гаварыць цяжка, але ёсьць адчуваньне, што ўлады разумеюць: стаўленьне да беларускай мовы сярод значнай часткі беларусаў зьмянілася, і таму адкрыта змагацца з мовай, як улады змагаюцца за нацыянальнай сымболікай, будзе цяжка.
Так лічыць Курт Вулгайзэр (Kurt Woolhiser), амэрыканскі дасьледнік, які спэцыялізуецца на сацыялінгвістыцы і моўнай палітыцы ва Ўсходняй Эўропе. Дзякуючы яму ў 2005 годзе ў Гарвардзкім унівэрсытэце ўпершыню распачаліся заняткі па беларускай мове.
Вулгайзэр дасьледаваў уплыў савецкай моўнай палітыкі і тое, як беларуская ідэнтычнасьць і мова разьвіваліся ў постсавецкую эпоху. Ён аналізуе ролю мовы ў нацыянальнай ідэнтычнасьці як у Беларусі, так і сярод беларусаў, якія жывуць за мяжой. Зараз яго праца — гэта вывучэньне культурных і моўных праблемаў, зь якімі сутыкаюцца беларускія эмігранты, а таксама тое, як яны падтрымліваюць або адаптуюць сваю мову ў замежных краінах.
У размове са Свабодай Курт Вулгайзэр расказаў пра «новых беларускамоўных», пра тое, што такое цяперашні перыяд — адраджэньне ці заняпад мовы, і якія пераломныя для пераходу на родную мову моманты здарыліся ў беларусаў у апошнія гады.
«У вас такі акцэнт, быццам вы з Магілёўшчыны»
Ва ўнівэрсытэце Курт Вулгайзэр вывучаў гісторыю ўсходнеславянскіх моў, але, напрыклад, пра Францішка Скарыну даведаўся толькі ў асьпірантуры падчас вывучэньня гісторыі кнігадрукаваньня ва ўсходніх славянаў. Тады ж, вывучаючы старабеларускую мову, ён дазнаўся, што яна была мовай Вялікага Княства Літоўскага. «Нам нічога пра гэта не казалі на лекціях па гісторыі ўсходнеславянскіх моў!» — кажа Курт Вулгайзэр.
«А потым я даведаўся, што ў нашым горадзе Блумінгтон, у штаце Індыяна, дзе я вучыўся ва ўнівэрсытэце, ёсьць адзін стары эмігрант зь Беларусі — Палікарп Манько з Магілёўшчыны. Ён зьехаў пасьля Другой сусьветнай вайны, але цікава, што ён памятаў пэрыяд беларусізацыі ў БССР, у 20-я гады, ён тады вучыўся ў БДУ. Яшчэ студэнтам ён нават будаваў Дом ураду ў Менску. Вельмі цікавыя ў яго былі ўспаміны. Ён быў маім першым настаўнікам», — расказвае навукоўца.
У Беларусь упершыню Курт трапіў у 1990 годзе. «Я памятаю, калі я гаварыў зь людзьмі па-беларуску, яны казалі: „У вас такі акцэнт, быццам вы з Магілёўшчыны“, — сьмяецца Курт Вулгайзэр.
«Ведаю адну беларускамоўную сям’ю, яны дома размаўляюць»
Амэрыканскі навукоўца вяртаўся ў Беларусь у пачатку 1990-х гадоў — удзельнічаў у летняй школе беларусістыкі БДУ, а пасьля змог прыехаць толькі ў 2009 годзе.
«Цікава было назіраць за моўнай сытуацыяй у Менску і іншых гарадах. Я памятаю, у 1990 годзе, калі я ўпершыню трапіў у Беларусь і зьбіраўся вывучаць моўную сытуацыю, мяне цікавіла зьява пераключэньня кодаў — калі пераходзяць у размове з адной мовы на другую. Але вельмі цяжка было знайсьці людзей, якія рэгулярна гэта робяць. Трэба было крыху зьмяніць сыстэму дасьледаваньня», — расказвае Курт Вулгайзэр.
Ва ўсёй той літаратуры, якую ён чытаў пра моўную сытуацыю ў Беларусі, апісвалася сытуацыя двухмоўя. Але гэты былі савецкія працы 80-х гадоў. Насамрэч ужо ў канцы 80-х гадоў вельмі рэдка можна было пачуць беларускую мову проста на вуліцы ў Менску, адзначае навуковец.
«Я пытаўся ў мовазнаўцаў у БДУ, дзе лепш знайсьці беларускамоўных людзей у Менску, і мне казалі: „Я ведаю адну беларускамоўную сям’ю, яны дома размаўляюць“… Гэта адзінкі тады былі. Хаця, напэўна, значна больш дома размаўляе, а на вуліцы не, — успамінае Курт Вулгайзэр. — Але калі я вяртаўся ўжо ў пэрыяд незалежнасьці, я чуў значна больш беларускай мовы на вуліцы, нават ад моладзі. Асабліва ў 2009 годзе. Потым я вярнуўся ў 2013 годзе — і ўсё больш месцаў зьяўлялася, дзе можна было чуць беларускую мову. Так што ў мяне склалася такое ўражаньне, што мова адраджаецца дзякуючы моладзі, якая пераходзіць на мову, прынамсі ў пэўных абставінах».
«Вырашылі перайсьці на беларускую, каб адмежавацца ад усяго расейскага»
Зараз Курт Вулгайзэр праводзіць новае дасьледаваньне — вывучае моўныя ідэалёгіі і моўны узус [прынятае ў пэўнай супольнасьці ўжываньне моўных сродкаў] «новых беларускамоўных», але цяпер у дыяспары. Ён кажа, што вырашыў абмежавацца Польшчай і Літвой, паколькі большасьць вымушаных эмігрантаў пасьля 2020 году апынуліся ў гэтых дзьвюх краінах.
У чэрвені ён правёў фокус-групавыя інтэрвію ў Польшчы — у Варшаве, ва Ўроцлаве, у Познані, у Гдыні, Гданьску, Кракаве і Беластоку — там, дзе найбольш прадстаўнікоў гэтай новай беларускай дыяспары. Пасьля працягнуў праект у Вільні.
«У рамках гэтых фокус-групавых інтэрвію я задаю пытаньні пра матывацыю пераходу на беларускую мову, калі гэта адбылося. У многіх гэта паступовы працэс: пачынаюць перапісвацца ў сацыяльных сетках па-беларуску, а потым у побыце пераходзяць на гэтую мову. Але што тычыцца часу пераходу, вельмі шмат людзей казалі, што пасьля 2020 году яны зразумелі, што трэба быць беларусамі і ў моўным пляне, — кажа навукоўца і ўдакладняе: — Менавіта ў 2020 годзе многія ўпершыню адчулі, што яны частка беларускага народу, а ня нейкага іншага».
Але сярод удзельнікаў фокус-групавых інтэрвію шмат людзей казалі, што менавіта пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, вось тады вырашылі, што трэба перайсьці на беларускую мову, каб адмежавацца ад Расеі, ад усяго расейскага, — адзначае Курт Вулгайзэр. — «Многія казалі: „не хачу размаўляць на мове агрэсара“, некаторыя казалі, што пасьля 2020 году для іх расейская мова стала мовай рэжыму Лукашэнкі, мовай гвалту».
«Ёсьць розныя фактары, але мне здаецца, гэтыя падзеі — пратэсты 2020 году і пачатак поўнамаштабнай вайны супраць Украіны — гэта пераломныя моманты ў пераходзе на мову сярод новай дыяспары», — падсумоўвае навукоўца.
Ва ўмовах эміграцыі немагчыма гаварыць паўсюль на беларускай мове, таму яго цікавіла, на якой мове беларусы ў эміграцыі размаўляюць са сваімі суайчыннікамі.
«Я намагаўся прысутнічаць на розных імпрэзах беларускай супольнасьці ў гарадах Польшчы і ў Вільні, каб проста слухаць, на якой мове там размаўляюць. І сапраўды, я чуў вельмі шмат беларускай мовы. І якраз у рамках фокус-групавых інтэрвію спытаўся пра тое, ці вам здаецца, што тут, у эміграцыі, беларусы часьцей размаўляюць па-беларуску, чым у Беларусі. І большасьць адказвае, што гэта дакладна больш», — расказвае Курт Вулгайзэр.
«Сытуацыя ў беларускай дыяспары ўнікальная. Звычайна, калі эмігруюць кудысьці ў іншую краіну, людзі стараюцца захаваць моўную экалёгію сваёй радзімы. А тут ёсьць такі працэс адраджэньня мовы ва ўмовах эміграцыі. Няма падобных прыкладаў, наколькі я ведаю», — адзначае навукоўца.
«Новыя беларускамоўныя»
У 2013 годзе Курт Вулгайзэр пачаў вывучаць зьяву «новых беларускамоўных» — людзей, якія з розных прычынаў вырашаюць перайсьці на нацыянальную мову.
Першапачаткова ён вывучаў гэтую зьяву ў параўнальным пляне, бо праводзіў фокус-групавае інтэрвію таксама і ва Ўкраіне з новымі ўкраінскамоўнымі — асабліва ў тых гарадах, дзе панавала расейская мова: у Харкаве, у Адэсе.
«Мяне цікавіла, якія там палітычныя і ідэалягічныя фактары ўплываюць на пераход з расейскай мовы на нацыянальную, бо ёсьць шмат паралеляў паміж сытуацыяй украінскай і беларускай моў» — расказвае навукоўца.
«Мяне цікавіла, наколькі дзяржаўная моўная палітыка ўплывае на гэты працэс. Ва Ўкраіне дзяржава стварала ўмовы для пераходу — амаль ва ўсіх ёсьць базавыя веды мовы са школы. Расейскамоўныя ўкраінцы, маладое пакаленьне, добра валодаюць украінскай мовай, нават людзі з усходу, — расказвае навукоўца. — А ў Беларусі сыстэма адукацыі настолькі русыфікаваная, што маладыя людзі, якія хочуць перайсьці на беларускую мову, вельмі часта ня маюць гэтых базавых ведаў са школьных заняткаў па беларускай мове, таму павінны самастойна вывучаць мову, глядзець розныя даведнікі самастойна».
І гэта таксама цікава, асабліва ў выпадку беларускай мовы, — адзначае Курт Вулгайзэр. Ён тлумачыць, што ў ангельскай мове ёсьць тэрмін new spikers — гэтыя новыя носьбіты мовы, гэта будучыня мовы, бо традыцыйных носьбітаў даволі мала засталося. Носьбіты беларускіх гаворак паміраюць, і гаворкі набліжаюцца да расейскай мовы. Застаецца толькі літаратурная мова, якой валодае зь дзяцінства невялікі адсотак насельніцтва Беларусі. Так што новыя носьбіты — і калі ў іх будуць дзеці і яны будуць іх выхоўваць па-беларуску — гэта будучыня мовы.
«Таму вельмі важна, якія моўныя варыянты гэтыя носьбіты выбіраюць. Цікава, што ў выпадку новых носьбітаў украінскай мовы ёсьць літаратурная мова ўкраінская, якая існавала да 1933 году (як і ў выпадку беларускай мовы, калі была палітычная рэформа, каб наблізіць іх да расейскай мовы). І мне было цікава, наколькі носьбіты ўкраінскай мовы выбіраюць менавіта варыянты гэтай старой нормы. Большасьць казалі: „Добра, што гэта ёсьць, але мы арыентуемся на тую мову, якой нас вучылі ў школе“, — расказвае Курт Вулгайзэр. — У выпадку новых носьбітаў беларускай мовы (прынамсі ў 2013 і ў 2019 гадах, калі я праводзіў гэтыя фокус-групы) у Беларусі шмат людзей казалі, што арыентуюцца менавіта на тарашкевіцу, бо гэта больш аўтэнтычная форма беларускай мовы.
А цяпер у дыяспары значна менш людзей казалі, што трэба „гаварыць на тарашкевіцы“».
Навукоўца лічыць, што добра, што існуе такі варыянт, але ня так істотна, каб ім карыстался. Галоўнае, каб гаварылі па-беларуску.
«Так што ёсьць пэўныя зрухі, мне здаецца, у моўнай ідэалёгіі новых носьбітаў», — падсумоўвае Курт Вулгайзэр.
«Стаўленьне да беларускай мовы сярод значнай часткі беларусаў зьмянілася»
Амэрыканскі навукоўца разважае пра стаўленьне беларускіх уладаў да нацыянальнай мовы. Ён мяркуе, што ў Беларусі пасьля 2014 году Лукашэнка спалохаўся анэксіі Крыму і вырашыў неяк зьмякчыць палітыку. «Відаць, хацеў прыцягнуць на свой бок прыхільнікаў беларушчыны». І тады пачалі пашырацца такія ініцыятывы, як «Мова нанова». Улады асабліва не спрыялі, але і не перашкаджалі. Але ўсё гэта скончылася пасьля 2020 году.
«Але я чуў, што ў апошні час улады Беларусі зноў пачалі змагацца з нацыянальнай сымболікай, сьцягам, Пагоняй, а беларускую мову пакуль ня могуць забараніць. Я думаю, яны разумеюць, што трэба дазваляць карыстацца беларускай мовай, каб неяк сваю пазыцыю замацаваць. Вельмі складана нешта казаць пра ўнутраную сытуацыю Беларусі, але мне здаецца, улады разумеюць, што стаўленьне да беларускай мовы сярод значнай часткі беларусаў зьмянілася і таму адкрыта змагацца з мовай будзе цяжка», — упэўнены навукоўца.
Ён перакананы, што калі палітычная сытуацыя ў Беларусі зьменіцца, дастаткова хутка пашырыцца выкарыстаньне беларускай мовы ў публічнай сфэры.
На пытаньне пра меркаванае падабенства расейскай і беларускай моў Курт Вулгайзэр адказвае так:
«Ёсьць нацыянальныя мовы, значана больш падобныя, напрыклад скандынаўскія. Нарвэская, дацкая, швэдзкая — яны вельмі падобныя і нават бліжэйшыя, чым беларуская і расейская. І ніхто ня кажа, што нарвэская — гэта дыялект дацкай. Блізкасьць моў не паказьнік блізкасьці народаў».
Навуковец прыводзіць яшчэ адзін прыклад: харваты і сэрбы. Іх мовы вельмі падобныя, значна больш, чым беларуская і расейская. Але гэта зусім розныя народы.
Так што гэтыя аргумэнты (наконт блізкасьці) з пункту погляду сацыялінгвістыкі ня маюць аніякіх падставаў, адказвае Курт Вулгайзэр.