Адна з кніг Фонда Kamunikat.org - у шорт-лісце прэміі імя Францішка Багушэвіча!
2025-03-21 20:24
Выданне паказвае, наколькі няпроста да канца заставацца беларусам. І адказвае на пытанне, дзе ў свеце больш памяці пра памерлых беларускіх дзеячоў: дома ці ў эміграцыі? Маюцца на ўвазе помнікі. Адна справа - быць свядомым беларусам самому, іншая - мець беларускамоўную сям'ю, вучыць роднай мове дзяцей, нават у эміграцыі. І знайсці супакой пад помнікам на роднай мове.
Працу
"Кнігай могілак..." распачаў у Нью-Ёрку архівіст Лявон Юрэвіч 25 гадоў таму. Пазней да стварэння альбома-даведніка далучылася гісторык Натальля Гардзіенка, а выдаў кнігу Фонд «Камунікат». 550 старонак, сотні чорна-белых і каляровых ілюстрацый. Салідны фаліянт ахоплівае беларускія пахаванні ў 13 краінах свету, у тым ліку падрабязна апісвае адмысловыя беларускія могілкі або беларускія часткі шматнацыянальных могільнікаў у Аўстраліі, Вялікабрытаніі, ЗША, а таксама паасобныя надмагіллі беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў Бельгіі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Італіі, Канадзе, Францыі, Чэхіі, Чылі, Швецыі.
Прэмія Францішка Багушэвіча ўзнагароджвае творцаў, якія аднаўляюць гістарычную памяць і ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасць.