- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Адвакаты да гэтага часу ня могуць знайсьці рэдактарку Першага каналу Марыну Аўсяньнікаву, якую затрымалі ўвечары 14 сакавіка за тое, што яна ў жывым эфіры праграмы «Время» разгарнула антываенны плякат.
На плякаце было напісана: «Спыніце вайну, ня верце прапагандзе, тут вам хлусяць. Расейцы супраць вайны».
Пра пошукі Марыны Аўсяньнікавай піша «Медуза» са спасылкай на адваката «Агоры» Данііла Бермана.
Раней паведамлялася, што Аўсяньнікава павезьлі ў АУС Астанкінскага раёну Масквы. Аднак паліцыянты заявілі праваабаронцам, што ў аддзеле яе няма.
У ноч на 15 сакавіка стала вядома, што затрыманую нібыта знайшлі ў дзяжурнай частцы тэлецэнтру «Астанкіна». Калі адвакату «Праваабароны» Анры Цыскарышвілі ўдалося туды трапіць, Аўсяньнікавай ён там не знайшоў. Крыніца «ОВД-Инфо» таксама паведаміла, што затрыманай няма і ў АУС «Астанкіна».
Адвакат Данііл Берман сказаў «Медузе», што да раніцы 15 сакавіка адвакатам не ўдалося знайсьці Аўсяньнікаву ні ў дзяжурнай частцы «Астанкіна», ні ў іншых аддзяленьнях паліцыі гораду.
Выданьне «Холод» піша са спасылкай на адваката Паўла Чыкава, што Марыну Аўсяньнікаву ўсё яшчэ не ўдалося знайсьці, яна пазбаўлена волі ўжо больш за 12 гадзін.
Вечарам 14 сакавіка супрацоўніца Першага каналу Марына Аўсяньнікава ў эфіры праграмы «Время» зрабіла антываенную акцыю. Яна стала за тэлевядоўцай Кацярынай Андрэевай і разгарнула антываенны плякат, на якім было напісана: «No war. Спыніце вайну. Ня верце прапагандзе. Тут вам хлусяць. Russians against war». Андрэева ў гэты момант расказвала аб плянах ураду дзеля зьмякчэньня наступстваў ад заходніх санкцый. Праз кароткі час рэжысэры перапынілі эфір кадрамі з загадзя падрыхтаванага сюжэту.
Аўсяньнікаву затрымалі. Паводле неафіцыйных дадзеных, ёй можа пагражаць адміністрацыйны пратакол паводле новага артыкулу 20.3.3 КаАПа «Дыскрэдытацыі выкарыстаньня расейскіх войскаў». Раней адвакат Данііл Берман ня выключыў, што Аўсяньнікавай можа пагражаць крымінальная справа.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім новым відэазвароце асабіста падзякаваў Аўсяньнікавай за яе ўчынак.
«Я ўдзячны расейцам, якія не спыняюць спроб данесьці праўду... і асабіста той дзяўчыне, якая ўвайшла ў студыю Першага каналу з плякатам супраць вайны. Тым, хто не баіцца пратэставаць, пакуль яшчэ ваша краіна не закрылася ад усяго сьвету. Вы мусіце змагацца, вы павінны ня страціць свайго шанцу», — заявіў ён.