Акцыі салідарнасці з Беларуссю ладзяцца ў Беластоку штовечар
2020-08-20 17:45
Акцыі салідарнасці з Беларуссю ладзяцца ў Беластоку штовечар пасля выбараў. Як і раней, месцам сустрэчы беларусаў ёсць вуліца Электрычная, на якой знаходзіцца беларускае консульства.
Але ўдзельнікаў акцый у апошнія дні паменшала. Псіхалагічна цяжка сачыць за падзеямі апошняга тыдня ў Беларусі і гаварыць пра гэта ў час сустрэчы ля консульства.
Кажа нязменная арганізатарка акцый салідарнасці Марына Ляшчэўская:
– Цяпер тое, што яна назіраю, гэта вялікая агульная прыгнечанасць, вельмі мала энергіі ў людзей. І я гэта звязваю са стомленасцю. З гэтым вялікім патокам інфармацыі, якая выліваецца на галовы бедных беларусаў і не толькі.
Аднак пікеты плануецца праводзіць і далей, пакуль улада ў Беларусі не зменіцца.
Кажа Марына Ляшчэўская:
– Усё працягваецца, барацьба ідзе ў Беларусі. Мы таксама падтрымліваем гэтыя пратэсты як можам. Сямейная пара да нас прыходзіць, якая нам вельмі дапамагае, арганізоўвае тэлефонныя канферэнцыі са многімі прадстаўнікамі з Беларусі. У прыватнасці, у нас плануецца прамое ўключэнне Станіслава Шушкевіча на пікеце.
Пікеты адбываюцца штодня з 18 да 20 гадзіны каля брамы консульства ў Беластоку. 20 жніўня замест пікета плануецца правядзенне маршу салідарнасці.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя