Актывістам – арышты, журналістам – прабітае кола
2020-06-05 20:35
Наваполацкі гарадскі суд прысудзіў па 15 сутак арышту Артуру Сінегу і Андрэю Зуеву, прыхільнікам блогера Сяргея Ціханоўскага.
Іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні, якое нібыта адбылося 28-га траўня. Падзеі таго вечара, калі ў Наваполацку збіралі подпісы за вылучэнне на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Святланы Ціханоўскай, здымаў на відэа супрацоўнік міліцыі. Паводле міліцэйскага рапарта, на пікеце былі плакаты, якія не датычацца выбарчай тэматыкі: “Слуга, сыходзь – народ прыйшоў”, “Стоп таракан”, “Страна для жизни”.
Аргументы пра тое, што гэта быў пікет дазволены выбарчым заканадаўствам, на суддзю Зінаіду Балаболаву ўздзеяння не мелі, распавёў Артур Сінега:
– На ўсе мае аргументы, што я ўдзельнік ініцыятыўнай групы, што я маю права праводзіць пікеты, суддзя не звярнула ўвагі. Напэўна, пастанова наконт нас ужо была падрыхтаваная. Падчас вынясення пастановы яна проста зазірнула ў нататнік і прачытала: 15 сутак арышту. Усё!
Артура Сінегу і Андрэя Зуева адпусцілі на волю. Як ім патлумачылі, яны маюць 5 сутак, каб абскардзіць судовую пастанову.
Калі іх забяруць, каб адбыць пакаранне, ніхто не паведаміў. На думку Андрэя Зуева, актывіста Грамады і валанцёра па зборы подпісаў, усё гэта робіцца знарок, каб трымаць у напружанні і страху:
– Яны вырашылі проста запалохаць людзей. Я хачу да ўсіх звярнуцца – не ведаю, ці пачуюць мяне мільёны, ці як… Не важна! Людзі, не бойцеся! Усіх яны не змогуць заткнуць. Саша, харош ужо палохаць, ужо хопіць, абрыдла гэта ўсё!
Журналістам трапіць на судовы працэс над Артурам Сінегам і Андрэем Зуевым не ўдалося: прадстаўнікоў незалежных СМІ падманулі, што дакументаў у судзе няма, а тым часам суддзя Зінаіда Балаболава цішком вынесла пастановы. Асуджаных давялося шукаць па месцы жыхарства. І за нейкую гадзіну, пакуль машына журналістаў стаяла ў двары, невядомыя прабілі задняе кола.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск