Алег Груздзіловіч. Журналіст, аўтар кнігі пра выбух у менскім метро і палітычны вязень
2021-12-25 17:11
Журналіст, аўтар нон-фікшн кнігі "Хто ўзарваў мінскае метро?" пра падзеі вакол тэракта ў мінскім метро, які адбыўся 11 красавіка 2011 года.
Кніга была выдадзеная ў 2012 годзе ў серыі “Бібліятэка Свабоды”. Пракуратура вынесла папярэджанне Алегу Груздзіловічу за тое, што сваім тэкстам ён паставіў пад сумнеў справядлівасць і празрыстасць судовай сістэмы.
Алег Груздзіловіч напачатку 1990-ых пісаў тэксты для газеты “Свабода”. У 1995 годзе пачаў працаваць у беларускай рэдакцыі “Радыё Свабода”, асвятляў тэмы палітвязняў, смяротнага пакарання, вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцый пратэсту. Шмат разоў затрымліваўся падчас журналісцкай працы на акцыях пратэсту.
Адзначаны прэміяй «Журналіст году» ў 2009 годзе.
Летам 2020 году асвятляў масавыя пратэсты ў Беларусі. У жніўні 2020 году быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС.
16 ліпеня 2021 года быў затрыманыя разам з журналістамі “Радыё Свабода” Інай Студзінскай і Алесем Дашчынскім, змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, вызвалілі пасля 10 дзён зняволення і галадоўкі, але пакінулі падазраваным паводле арт. 342 КК РБ.
20 ліпеня 2021 года прызнаны палітвязнем.
23 снежня 2021 затрыманы пасля таго, як інтэрнэт-рэсурсы “Радыё Свабода” МУС назвала “экстрэмісцкім фармаваннем”. Алега Груздзіловіча змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Алег Груздзіловіч – падазраваны па крымінальнай справе “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх” (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).
Адрас для ліставання: Алег Анатольевіч Груздзіловіч, 220030 вул. Валадарскага д.2, СІЗА №1, г.Мінск