Падчас сённяшняга (16.09 – а 14-й гадзіне) урачыстага паседжанння Сената Універсітэта ў Беластоку прафесару Роберту Фросту з універсітэта ў Абердзіне (Шатляндыя) будзе нададзена званне доктара honoris causa. Гэтай падзеяй пачнецца 21-ы Усеагульны з’езд польскіх гісторыкаў. Шмат тэмаў будзе закранаць гісторыю Беларусі і сумежных з Польшчай краін.
З
Госцем Рацыі – прафесарам Універсітэта ў Беластока
Алегам Латышонкам гутарыць
Юрка Ляшчынскі.
РР: Ваш удзел у гэтым будзе таксама як гісторыка з дакладам?
Алег Латышонак: Не толькі з дакладам, а нават з двума дакладамі, паколькі адзін даклад будзе пра беларускіх палкоўнікаў паловы XVII стагоддзя “Узлёт і падзенне беларускіх палкоўнікаў”, а другі будзе пра геапалітыку Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў XX стагоддзі.
РР: Калі гаварыць пра гэтыя тэмы, то ці ў Польскай гісторыяграфіі яны прысутныя?
Алег Латышонак: Пачну з геапалітыкі, бо яна вельмі модная. Палякі ў асноўным ведаюць сваю геапалітыку, якая не падобная да суседскіх геапалітык. Для мяне нават проста вельмі цікава было зразумець, што кожная нацыя гэтую самую фізічную тэрыторыю інакш бачыць. Палякі бачаць Міжмор’е, украінцы бачаць Чарноморскую крэпасць, літоўцы хочуць далучыцца да Балта-Скандыі, а беларусы можна сказаць таксама Балтыйска-чарнаморскі саюз праектуюць.
Такім чынам украінцы адварочваюцца спінай да палякаў і беларусаў, літоўцы да беларусаў, палякаў і ўкраінцаў таксама спінай адварочваюцца. І гэта паказвае што адзіная палітыка немагчымая. Гэта для мяне важная выснова, і маю надзею, што гэта будзе пададзена ў дыскусіі. Паколькі палякі бачаць сябе лідарамі Міжмор’я, а калі паглядзець на беларускую, украінскую, літоўскую геапалітыку, нічога такога не існуе. Калі гаварыць пра нейкае ўкраінскае Міжмор’е, то гэта ёсць між Балтыкай, Чорным морам і Каспійскім морам. А ў палякаў пра Каспійскае мора нават падумаць не можна, трохмор’е – Балтыка, Чорнае мора, Адрыятыка. Літоўцы ўвогуле не хочуць мець з гэтым рэгіёнам нічога супольнага. Вельмі хочуць далучыцца да Скандынавіі, хаця ніякіх рэальных прадпасылак на гэта няма.
РР: І яшчэ можна сказаць пра ХХ стагоддзе – гэта стагоддзе нацыяналізму ў Еўропе. Кожны народ хацеў мала таго, што мець сваю дзяржаву, аўтаномію ці выказаць свае прэтэнзіі альбо погляды, але з гэтай прычыны былі і войны ў ХХ стагоддзі. І таму можа ёсць і разыходжанні ў падыходзе да гісторыі дадзенага макрарэгіёна. Памятаю я калісьці размаўляў з украінскім гісторыкам, ён гаворыць, што з Польшчай добра было б, Беларусь, Літва, але палякі будуць граць першыя скрыпкі, так што можа лепш – не.
Алег Латышонак: Ёсць такія ўкраінцы, якія думацюць, што яны бдуць са сваёй грамаднай арміяй, калі ўжо перамогуць Маскву. Але тут іншая справа, тут справа такая, што, можа, тая геапалітыка перадае нейкія інтарэсы. Гэта ж усе тыя геапалітыкі ўсё гэта бачаць, прыдумляюць дзеля інтарэсаў сваёй нацыі. І самае цікавае, што менавіта інтарэсы, культура – усё гэта выклікае тое, што мы маем зямлю між Балтыкай, Чорным морам, Каспійскім, Адрыятыкай. І кожны бачыць інакш. Гэта ж моры тыя самыя, раўніна тая ж самая, горы тыя ж самыя, рэкі тыя ж самыя. А кожны гэта бачыць абсалютна іначай. Тое для мяне гэта надзвычайнае адкрыцё. Геапалітыка абсалютна не залежыць ад тэрыторый, хаця мае тэрыторыі ў сваёй базе, у сваім тэрміне.
Усе ўдзельнікі з’езду загадзя атрымалі надрукаваныя зборнікі дакладаў. Апрача Алега Латышонка ўдзел у канферэнцыі бяруць і іншыя беларускія гісторыкі – Яўген Мірановіч, Дарота Міхалюк, Мажэна Лідкэ, Уршуля Паўлючук ды іншыя.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя