- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
«Яшчэ пры жыцці ўвайшоў у падручнікі па сусветнай гісторыі, што ж яшчэ трэба? У беларускай гісторыі яго можна параўнаць толькі з Францішкам Скарынам» .
«Шушкевіч не дачакаўся свабоднай Беларусі. Падпісант белавежскіх дакументаў, адзін з трох падпісантаў, якія вынеслі вердыкт аб тым, што «СССР спыніў сваё існаванне» – а гэта было брамай у магчымы новы, іншы свет – сышоў у поўную свабоду. Перамажы, Украіна. Свабода прыйдзе і для Беларусі-Гудзіі. Там будзе запісана і імя Станіслава Шушкевіча», – напісаў першы кіраўнік Літвы пасля аднаўлення незалежнасці Вітаўтас Ландсбергіс на смерць свайго калегі першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, які адышоў у лепшы свет 4 траўня, ва ўзросце 87 гадоў.
У рубрыцы «Машына часу» мы прыгадваем постаць бадай што самага вядомага беларуса свету. Калега Станіслава Шушкевіча па працы ў Вярхоўным Савеце дэпутат Алег Трусаў прыгадвае рэакцыю тады яшчэ намесніка старшыні Шушкевіча на путч ГКЧП:
-21 жніўня 1991 года зайшоў да яго ў кабінет і быў сведкам размовы з Акаевым – тагачасным кіраўніком Кыргызстану. Шушкевіч пытаў у яго, ці бачныя танкі ў Бішкеку. Аскар Акаеў адказаў, што ён не збіраецца падпарадкоўвацца путчыстам. Тады Шушкевіч вырашыў, што і нам час склікаць сесію. Цікава, што з Акаевым Шушкевіч быў знаёмы яшчэ па сваёй навуковай дзейнасці, абодва яны фізікі. Станіслаў Шушкевіч адыграў вялікую ролю ў Сэсіі незалежнасці, пасля паразы путчу ГКЧП.
Таксама без яго было бы немагчымае і зацвярджэнне дзяржаўнай сімволікі – бела-чырвона-белага сцягу і герба «Пагоня». Ён некалькі разоў ставіў гэта пытанне не перагаласаванне, усяляк спрыяў зацвярджэнню сімволікі. Дарэчы, цікавы факт, нам вельмі тады дапамог Мітрапаліт Філарэт. Ён падтрымаў і крыж Еўфрасінні Полацкай на Пагоні і бела-чыровна-белы сцяг – як колеры хрысціянства. Ён і яшчэ некалькі святароў дапамаглі прыняць гэту пастанову. (...)
Чарговай вялікай заслугай Шушкевіча з’яўляецца беларускай мова ў палітыцы. Калі беларускую мову зрабілі дзяржаўнай у студзені 1990 года, Станіслаў Шушкевіч у палітыцы выкарыстоўваў выключна мову і за яго прыкладам пайшлі многія. Прыгадаю Мечыслава Грыба – паслядоўніка Шушкевіча на пасадзе, генерала міліцыі, які 30 гадоў не гаварыў па-беларуску. Пасля таго, як Грыб заняў пасаду Шушкевіч, ён неяк запрасіў мяне ў кабінет і заявіў, што яму таксама трэба перайсці на мову і за пару месяцаў гэты генерал загаварыў па-беларуску і дагэтуль працягвае справу Шушкевіча. Палітыкі загаварылі па-беларуску, ўзяўшы прыклад з Шушкевіча і гэта адно з яго вялізарных дасягненняў. (...)
На думку Алега Трусава, Станіслаў Шушкевіч паміраў шчаслівым чалавекам:
-Слава богу, што ён пражыў доўгае і цікавае жыццё. Яшчэ пры жыцці ўвайшоў у падручнікі па сусветнай гісторыі, што ж яшчэ трэба? У беларускай гісторыі яго можна параўнаць толькі з Францішкам Скарынам. Нават Машэраў не зрабіў 1/10 таго, што зрабіў Шушкевіч. Шушкевіч паміраў шчаслівым чалавекам, бо ён адрадзіў незалежнасць Беларусі і заўжды ганарыўся гэтым.
Размову запісаў Эдуард Жолуд.
Слухайце аўдыё!