Алексіевіч пра званок Мэркель Лукашэнку: «На яго могуць паўплываць толькі больш жорсткія рэчы»
2021-11-16 16:18
Тэлефанаваньне выканаўцы абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель Аляксандру Лукашэнку мы папрасілі пракамэнтаваць пісьменьніцу, нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч
Напачатку лістапада яна разам зь яшчэ трыма нобэлеўскімі ляўрэаткамі па літаратуры — Эльфрыдэ Елінэк, Гэртай Мюлер і Вольгай Такарчук — выступіла з адкрытым лістом наконт міграцыйнага крызісу.
Алексіевіч:
«Эўрапейскі чалавек глядзіць на ўсё зусім інакш. Мы разам з трыма іншымі нобэлеўскімі ляўрэаткамі напісалі ліст. У ім мы адзначылі, што гэта, зразумела, палітычная, геапалітычная гульня. Але мы хочам паглядзець на гэта з гуманітарнага пункту гледжаньня. У нас лічыцца, што палітыкам гэта неўласьціва. Але Мэркель паставілася да гэта менавіта з гуманітарнага пункту гледжаньня. Яна гаварыла менавіта аб людзях, а не аб палітычных матэрыях. Яна не зьбірала ніякіх палітычных дывідэндаў з гэтай размовы. Гэта быў гуманітарны парыў і ня варта ўкладаць у гэта нейкі іншы сэнс.
На яе некалі зрабіў моцнае ўражаньне фотаздымак загінулага дзіцяці, які абляцела ўвесь сьвет. Людзі пераяжджалі на лодках і хваля прыбіла да берагу мёртвае дзіця. Гэта яе ўразіла. Тады Нямеччына прыняла каля мільёна ўцекачоў. Тагачасны парыў Мэркель ня ўся Нямеччына прыняла. Але яна ж дачка пастара. І для яе чалавечае вышэй. Іншая справа, што яна перабольшвае, калі лічыць, што на Лукашэнку можна ўплываць. Я лічу, што на яго могуць уплываць толькі больш жорсткія рэчы».
У панядзелак увечары адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.
«Канцлер і спадар Лукашэнка гаварылі пра складаную сытуацыю на мяжы Беларусі з Эўразьвязам — асабліва пра неабходнасьць гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў і мігрантаў, якія знаходзяцца там. Яны дамовіліся працягнуць абмен у гэтых пытаньнях», — паведаміла прэсавая служба Мэркель.
Паводле агенцтва БелТА, размова доўжылася 50 хвілін.