Праваабарончы цэнтр “Вясна” стаў лаўрэатам ганаровай прэміі Арганізацыі Аб’яднаных нацый у галіне правоў чалавека за 2023 год. Урачыстае ўручэнне гэтай прэміі адбылося нядаўна ў Нью-Ёрку, дзе пабывала наша Госця Рацыі—праваабаронца Алена Маслюкова.
РР: Распавядзіце, як гэта было?
Алена Маслюкова: Для мяне гэта было абсалютна нечаканым. Яшчэ ўвосень мае калегі прапанавалі з’ездзіць у Нью-Ёрк, каб атрымаць прэмію, якая ўручаецца раз на пяць год у ААН праваабаронцам за іх працу. І якраз гэта супала з выбітнай датай – 75-годдзем прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Я палічыла гэта для сябе вельмі вялікім гонарам і адзнакай і пагадзілася. І падарожжа ў Амерыку адбылося.
РР: Як праходзіла сама цырымонія?
Алена Маслюкова: Хачу сказаць, што папярэдняя праца была вельмі доўгая. Трэба было выканаць шмат просьбаў, і мы камунікавалі з цэлым аддзелам Вярхоўнага камісара па правах чалавека. Вялікая колькасць супрацоўнікаў была задзейнічана, каб арганізаваць гэтую пазачарговую Сесію Генасамблеі ААН, на якой уручаліся гэтыя прэміі. Калі казаць пра тое, што адбывалася ў Нью-Ёрку, то гэта быў вельмі жорсткі рэгламент. Але людзі былі вельмі ветлівыя, вельмі спагадлівыя. Сама ААН – гэта нейкі асобны сусвет на Манхэтэне. Бо прысутнічалі прадстаўнікі розных народаў, розных краінаў свету. І ўсе яны вельмі адкрытыя, прыязныя. Сама працэдура пачыналася а 10-й. То бок, цягам гадзіны мы прайшлі кантроль, нам уручылі пэйджы, пасля была арганізавана магчымасць сфатаграфавацца з першымі асобамі, якія прадстаўляюць ААН.
І зноў хачу звярнуць увагу, стасункі паміж людзьмі там абсалютна на іншым роўні. Для іх мы былі не проста прадстаўнікамі арганізацый, якія атрымалі прэміі, мы для іх былі роўнымі. Таму што мы – людзі, якія працуюць у галіне абароны правоў чалавека, што вельмі важна і вельмі актуальна.
І сапраўды, праз такую разнастайнасць запрошаных разумееш, што ты не адарваны ад сусвету. І тое, што адбываецца ў Беларусі, да прыкладу, гэта калі не баліць, то знаходзіць вельмі вялікае спачуванне і паразуменне ў іншых людзей. І што яшэ важна адзначыць, што беларускую павестку, на жаль, ведаюць далёка не ўсе. Усё, што робяць беларускія праваабаронцы, я маю на ўвазе не толькі ПЦ “Вясна”, а ўсю праваабарончую беларускую супольнасць, яна збольшага зарыентавана можа быць на ўнутранае спажыванне, то бок, на беларусаў. Але беларусы сёння знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане. І кожны раз чытаць пра тое, што адбываецца гвалт, парушэнне правоў чалавека, што адбываюцца сістэматычныя затрыманні, цяжка выносіць гэта псіхалагічна. Беларусь зараз фактычна пераўтварылася ў турму. Для беларусаў гэта ўсё зразумела. І вельмі важна гэта ўсё данесці на самым высокім роўні. Каб гэта зразумелі і людзі, якія жывуць у іншых краінах, на іншых кантынентах. І калі для еўрапейцаў гэта часам бывае незразумелым, то для амерыканцаў, да прыкладу, гэта таксама абсалютна незразумела. І таму з імі трэба было гаварыць не агульнымі фразамі, а менавіта канкрэтнымі фактамі. І гэта сапраўды іх тады ўражвае.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя