«Такія, здавалася б, нерацыянальныя ўдары па шырокай супольнасці людзей ствараюць пачуццё страху ў грамадстве, напружанасці, няпэўнасці – што будзе, што можна рабіць, што нельга рабіць. Гэта тое, чаго дабіваецца любая аўтарытарная сістэма, калі чалавек не ведае, што з ім можа здарыцца заўтра. У нашай сітуацыі тут можна прыгадаць хіба што сталінскія часы, калі таксама ствараўся такі стан, калі было незразумела, хто патрапіць пад рэпрэсіі і як гэта ўсё будзе адбывацца», – сказаў ён.
Пры гэтым
Бяляцкі падкрэсліў, што наўпроставыя параўнанні з сталінскімі часамі не зусім карэктныя. Ён адзначыў, што гісторыя звычайна не паўтараецца: хоць часам падзеі могуць выглядаць падобнымі, яны ўсё адно адбываюцца па-рознаму. Таму, паводле яго, не зусім карэктна супастаўляць рэпрэсіі 1930-х гадоў, калі людзі гінулі тысячамі, і сучасныя рэпрэсіі.
«Тым не менш, для сённяшняга ўзроўню цывілізацыйнага развіцця Еўропы – а Беларусь ёсць часткай Еўропы – гэта нонсэнс. Гэта выклікае вялікае абурэнне, бо такога няма нідзе на еўрапейскім кантыненце», – заўважыў Бяляцкі.
Ён яшчэ раз адзначыў, што сітуацыя ў Беларусі не паўтарае мінулае і што сёння існуе значна больш магчымасцяў уплываць на грамадства – у тым ліку праз незалежныя медыі і сацыяльныя сеткі, якія працягваюць працаваць у краіне. Праваабаронца дадаў, што гэтаму спрыяе і сам стан беларускага грамадства, якое стала больш адукаваным і больш праеўрапейскім, чым у папярэднія перыяды.
«Улады спрабуюць утаймаваць гэтую стыхію, якая яўна варожая да іх і іх не ўспрымае як законную ўладу. І гэтыя рэпрэсіі ёсць адзіным сродкам для захавання ўлады на сённяшні дзень. Інакш гэтая ўлада ўжо даўно не была б, бо любыя больш-менш справядлівыя выбары прывялі б да яе змены», – падкрэсліў Бяляцкі.
Ён таксама адзначыў, што попыт на незалежную інфармацыю не знікае, а наадварот узрастае – асабліва ў крызісныя моманты.
«І гэта адназначна ёсць. Нават па маіх выступах і інтэрв’ю, якія я даю за мяжой, мне ідзе зваротная хваля – відаць, што гэта ўсё працуе. Таму мы працуем не дарэмна. Мы не працуем для сябе, апазіцыя не працуе для апазіцыі – гэта трэба цвёрда разумець», – сказаў праваабаронца.
«Уся Беларусь – вялікая турма»
Ці правільна еўрапейскія краіны выбудоўваюць сваю палітыку датычна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі – у прыватнасці праз санкцыі і ціск? Ці гэты падыход трэба ўзмацняць або, наадварот, шукаць шляхі для перамоваў?
Бяляцкі адзначыў, што пазіцыя Еўразвязу датычна Беларусі пакуль застаецца паслядоўнай – захоўваецца ўвесь санкцыйны ціск, уведзены ў тым ліку за ўдзел рэжыму ў вайне і масавыя парушэнні правоў чалавека. Разам з тым, паводле яго, сітуацыя ў свеце змяняецца, і беларускі парадак дня паступова адыходзіць на другі план.
«Безумоўна, трэба ўлічваць, што гісторыя ідзе наперад, адныя падзеі змяняюцца іншымі. Мы бачым вайну каля сябе ўжо пяты год, бачым новыя канфлікты, якія разгортваюцца ў свеце. І гэтыя падзеі адсоўваюць нашыя праблемы на задні план», – адзначыў
Бяляцкі.
Ён падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі важна пастаянна нагадваць пра становішча ў Беларусі і звяртаць увагу на тое, што яно не змянілася. Паводле яго, праваабаронцы працягваюць штодня фіксаваць новыя парушэнні правоў чалавека і маштаб рэпрэсіяў застаецца значным.
«Нягледзячы на, здавалася б, добрыя навіны, што я выйшаў на волю, мае сябры выйшлі, мы не павінны забывацца, што толькі паводле спісаў «Вясны» цяпер 913 чалавек застаюцца палітычнымі зняволенымі. І адбываюцца іншыя парушэнні, якія абмяжоўваюць волю і не даюць людзям свабодна дыхаць», – адзначыў ён.
У сувязі з гэтым, паводле Бяляцкага, пра Беларусь неабходна працягваць гаварыць на міжнародным узроўні, каб яна заставалася ў парадку дня еўрапейскіх палітыкаў і міжнародных арганізацый. Ён падкрэсліў, што для гэтага важна агучваць факты і рабіць гэта адкрыта, адзначыўшы, што, на жаль, доказаў парушэнняў у Беларусі дастаткова.