Алесь Смалянчук: Для мяне гэта стала вельмі нечакана
2020-06-10 21:18
Гісторык Алесь Смалянчук сёлета стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча. Яе арганізатарам выступіў беларускі ПЭН-цэнтр.
Узнагарода ўручаецца за кнігу „Раман Скірмунт (1868 — 1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю”, прысвечаную прэм’еру БНР і лідару правага крыла ў яе кіраўніцтве.
Ва ўмовах самаізаляцыі, выкліканай пандэміяй COVID-19, прадстаўнікі ПЭН-цэнтра абвесцілі пераможцу праз анлайн-трансляцыю.
Кажа Алесь Смалянчук:
– Я ведаю няшмат пра гэтую прэмію. Для мяне гэта была такая нечаканасць, прыемная нечаканасць, што я атрымаў узнагароду ПЭН-цэнтра. Ведаю, што раней прэмію атрымлівалі такія вядомыя людзі, як Сяргей Дубавец, здаецца, Сяргей Харэўскі, Уладзімір Арлоў быў лаўрэатам гэтай прэміі, то бок, людзі вельмі годныя. Для мяне было толькі вельмі нечакана, таму што мая праца ўсё ж такі праца навуковая. Хіба ўпершыню гісторык за прафесійную працу атрымаў ўзнагароду Францішка Багушэвіча. Кніга прызнана найлепшай беларуская кніга на гістарычную тэматыку 2019 года (па версіі Рады Беларускага ПЭНа). Прэмія Францішка Багушэвіча – гэта штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя