Алесь Сураў: Паказваць свае працы ў Нясвіжы – для мяне гонар
2020-06-15 22:07
Гарадзенскі мастак Алесь Сураў сваёй выставай на габрэйскую тэму адчыніў летні сезон для наведнікаў у Нясвіжскім замку.
Пра адметнасці выставы гарадзенскага майстра распавядае куратарка выставы Ірына Мілінкевіч:
– Гэта забытая гісторыя мястэчка. Гэта вельмі важна памятаць, што быў не толькі халакост, што было штодзённае жыццё, добрае жыццё, што былі святы, што яно бурліла. І гэта было тое, што мы страцілі. Так цікава на гэта паглядзець. А творы Алеся Сурава якраз даюць магчымасць убачыць гэтую штодзённасць.
Для самога Алеся Сурава выстаўляцца ў Нясвіжы – гэта вялікі гонар і павага за яго дзейнасць:
– Для мяне Нясвіж заўсёды быў знакавым месцам, дзе быў самі вялікі росквіт, каторы ў дадзеным выпадку захаваўся ў такой колькасці, у такой знакавасці. Гэта знакавы горад. І тое, што я магу, напрыклад, зараз паказаць у сваёй працы, для мяне таксама гэта знакава, таму што выстаўляцца ў палацы ў саміх Радзівілаў – гэта як гісторыя «Сымона-музыкі» – быў сялянскім хлопчыкам, а ў самога пана граў.
Паглядзець працы гарадзенца Алеся Сурава ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» магчыма цягам бліжэйшых некалькіх месяцаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча