Аляксей Янукевіч: Здавацца рана
2020-08-22 15:42
Спад пратэстных настрояў у Беларусі выклікае ў многіх людзей песімістычны настрой. Людзі ў рэгіёнах зноў баяцца выходзіць на акцыі, і яны сталі малалікімі.
Пра тое, ці ўдасца народу змяніць ўладу, мы пагаворым з „Госцем Рацыі” Аляксеем Янукевічам.
РР: Стала вядома, што асабіста Вас не запрасілі ў Каардынацыйную раду. Чаму так адбылося?
Аляксей Янукевіч: Я лічу, што пытанне складу – яно другаснае. Самае галоўнае пытанне – гэта як і што будзе рабіць КР. Добра, што яна ўтварылася, што ў яе ўвайшлі Павал Латушка, Святлана Алексіевіч. І ў радзе сапраўды ёсць вельмі добрыя людзі, адказныя і здольныя. Але, сапраўды, зараз на радзе вельмі вялікая адказнасць. Я мог бы туды дадаць якраз энергіі, імпэту. Я думаю, і досьвед мой быў бы карысны. Але на гэтым этапе не хочацца займацца высвятленнем нейкіх асабістых пытанняў – хто ўвайшоў, хто не ўваўшоў. Пытанне ў тым, што гэтая рада будзе здольная рабіць, і што яна павінна рабіць.
РР: Як, на Ваш погляд, зараз сапраўды Расея вельмі актыўна ўключылася ў падзеі, і Лукашэнка ўжо выглядае пераможцам на дадзены момант, ён выйшаў са ступару, у якім знаходзіўся спачатку?
Аляксей Янукевіч: Лукашэнка не выглядае пераможцам. Так, канешне, мы бачым пэўную спробу рэакцыі, калі так можна гэта назваць, адкату назад. Калі пасля нядзельных выступленняў па ўсёй Беларусі і шматсоттысячнага збору прыхільнікаў перамен у Менску, улада па ўсёй краіне затаілася, фактычна знікла з вуліцаў вайсковая тэхніка, АМАП. Але мы бачым, што пры падтрымцы, я думаю, Расеі, а можа не толькі пры падтрымцы, а імкнучыся прадэманстраваць, што гэтая падтрымка па ягоным баку, Лукашэнка і ягоная каманда сілавікоў, безумоўна, імкнуцца супрацьдзейнічаць пратэстам. Яны не ўжываюць гвалт, але выцясняюць людзей, адгароджваюць на нейкія кавалкі тэрыторыі. Безумоўна, сітуацыя на шалях. Безумоўна, ёсць псіхалагічная стомленасць і расчараванне ад таго, што нават такія вялікія мерапрыемствы людзей, якія хочуць пераменаў, не пацягнулі за сабой імгненнай змены ўлады. Але вельмі важна на сённяшні момант людзям зразумець, што не можа гэта адбыцца ў адзін дзень. Шанцы на перамены вось менавіта цяпер, на вольныя выбары не страчаныя.
Паводле Аляксея Янукевіча, негатыўную ролю адыграла адсутнасць агульнанацыянальнага лідара з палітычным досведам. Але постаць Паўла Латушкі, які ўвайшоў у прэзідыюм Каардынацыйнай рады, ужо прынята людзьмі ў якасці лідара.
Беларускае Радыё Рацыя