Амаль ня пішуць пра палітвязьняў, Ціханоўская — самы бачны лідэр, Беларусь замест «Белай Расеі». Як мяняўся вобраз Беларусі ў замежных СМІ
2021-12-05 21:45
«У цэнтры ўвагі — Ціханоўская, амаль не былі заўважныя асобы Цапкалы, Латушкі, пра Бабарыку і Калесьнікаву пісалі, калі яны былі на свабодзе, і нашмат менш — пасьля таго, як трапілі ў турму». Гэта адна з высноваў дасьледаваньня пра тое, як мяняўся мэдыйны вобраз Беларусі ў 2020–2021 гадах.Зрабіла яго супрацоўніца Цэнтру новых ідэй, асьпірантка паліталёгіі ў швэдзкім унівэрсытэце Карлстад
Леся Руднік. Пра свае высновы яна расказала ў эфіры
Свабоды Premium.
У межах дасьледаваньня зь ліпеня 2020 па ліпень 2021 году быў праведзены кантэнт-аналіз 3269 артыкулаў дзесяці буйных міжнародных онлайн-выданьняў у сямі краінах (Расея, Польшча, Швэцыя, Францыя, Гішпанія, ЗША, Нямеччына) і фокус-групы з 13 удзельнікамі, якія рэпрэзэнтуюць палітычныя сілы, грамадзка-палітычныя праекты і дыяспары.
Галоўныя высновы дасьледаваньня Лесі Руднік
Пра Беларусь пішуць менш
— Зь пікам пратэставай хвалі Беларусь пачала зьяўляцца ў замежных СМІ часьцей, але хваля спала, пра Беларусь сталі пісаць меней ужо пад канец 2020 году.
У 2021 годзе колькасьць артыкулаў значна зьменшылася. І гэта нармальна, бо ўва ўсіх падзей ёсьць свой мэдыйны цыкль. Калі ў Нямеччыне колькасьць артыкулаў скарацілася ўдвая, то ў Расеі па тэме Беларусі сталі пісаць у сем разоў менш.
Сьвятлана Ціханоўская — самы бачны беларускі лідэр
— Самымі цікавымі для замежных СМІ сталі падзеі, якія былі трагічнымі для беларусаў: рэпрэсіі, затрыманьні, вымушаная эміграцыя палітыкаў, кейс з пасадкай самалёта, зь Ціманоўскай. Сьвятлана Ціханоўская ўзгадвалася часьцей за іншых лідэраў беларускай апазыцыі (21%). У Расеі пра Ціханоўскую пісалі значна менш, чым, напрыклад, у Нямеччыне ці Гішпаніі. Больш за ўсё Ціханоўскую ўзгадвалі як палітычную лідэрку (20%), толькі ў 5% выпадкаў — як абраную прэзыдэнтку. Віктар Бабарыка згадваўся як прадстаўнік апазыцыі толькі ў 2% выпадкаў.
У якіх выпадках акцэнты беларускіх і замежных СМІ не супадалі
— Міжнародныя візыты Сьвятланы Ціханоўскай, нават самыя буйныя, займалі шмат месца ў парадку дня беларускіх СМІ, у той жа час амаль не былі адлюстраваныя ў замежных выданьнях. Нават такія сустрэчы, як з Байдэнам і прэм’ерам Вялікай Брытаніі, не былі заўважныя ў гэтых выданьнях. Напрыклад, быў адзін артыкул пра факт сустрэчы, але не было ніякага глыбокага аналізу, размоваў з экспэртамі, як у беларускіх СМІ.
Пра што і пра каго найчасьцей пісалі замежныя СМІ
— Калі гаварыць пра топ-тры тэмы, якія мы заўважылі на прыкладзе прааналізаваных 3269 артыкулаў, то гэта:
Пратэсты і рэпрэсіі
Сьвятлана Ціханоўская
Беларускія СМІ, дакладней — рэпрэсіі супраць беларускіх незалежных СМІ.
Калі гаварыць пра асобаў, то акцэнты адрозьніваліся. Вельмі мала пісалі пра Латушку, Цапкалу і іншых палітыкаў. Пра Паўла Латушку шмат пішуць у беларускіх СМІ, а ў замежных выданьнях колькасьць артыкулаў пра яго за ўвесь год была вельмі малая, і яны былі зьвязаныя з эміграцыяй палітыка. Пра Бабарыку і Калесьнікаву гаварылі тады, калі яны былі на свабодзе, і нашмат менш — пасьля таго, як трапілі ў турму.
Амаль ня пішуць пра палітвязьняў
— Амаль ня пішуць пра асобных палітзьняволеных. Гэты дыскурс, які доўгі час быў даволі заўважным у беларускіх СМІ, зусім непапулярны ў замежных СМІ. Рэпрэсіі агулам згадваюцца, але не даюць канкрэтных прыкладаў палітвязьняў, ня пішуць, як жыцьцё ў турме праходзіць, што ім трэба. Мы бачылі на прыкладзе Марыі Калесьнікавай, што на працягу месяца, як яна трапіла ў турму, артыкулаў пра яе стала ў 10 разоў меней. І пра палітзьняволеных агулам, і пра вядомых палітзьняволеных пісалі вельмі мала.
Публікацыі пра Беларусь сталі больш якаснымі
— Пра Беларусь у 2021 годзе пісалі меней, чым у 2020-м. Аднак пры гэтым відавочныя асобныя трэнды: замежныя журналісты, а адпаведна, і замежная аўдыторыя сталі больш разумець пра Беларусь, матэрыялы сталі больш якаснымі і дэталёвымі, у іх даволі высокая экспэртыза пра падзеі ў Беларусі. Пра беларусаў пішуць як пра асобную нацыю, хоць многія журналісты працягваюць зьмяшчаць Беларусь у расейскі кантэкст пры любой магчымасьці. Сьвету таксама стала вядома пра канкрэтныя і жорсткія рэпрэсіі.
Беларусь замест «Белай Расеі»
— Адна зь цікавых зьменаў тычыцца зьмены назвы. У некаторых мовах назва Беларусі літаральна азначае, калі перакласьці, «Белая Расея». Большасьць прааналізаваных выданьняў выкарыстоўвае назву «Беларусь» (83%). Колькасьць выкарыстаньняў назвы «Белая Расея» зьменшылася зь 19% да 10% у 2021 годзе. Толькі ў 30% артыкулаў з Расеі выкарыстоўваецца назва «Белоруссия». У Гішпаніі назва «Белая Расея» — мэдыйны стандарт, а ў Францыі заўважныя пэўныя трансфармацыі (у 28% артыкулаў ужо выкарыстоўвалася назва «Беларусь»). У Нямеччыне каля 7% артыкулаў выкарыстоўвалі адначасова назвы і «Беларусь», і «Белая Расея».
Наколькі публікацыі пра Беларусь уплываюць на прыняцьце палітычных рашэньняў
— У заходніх краінах СМІ — моцны голас і сапраўды чацьвёртая сіла, якая мае ўплыў на палітыку. Зь іншага боку, цяжка сказаць, якую долю палітычных рашэньняў на Захадзе прымаюць праз СМІ. Таму СМІ — інструмэнт прасоўваньня парадку дня, які потым можа паўплываць на палітычны парадак дня. Удзельнікі фокус-групаў, якія працуюць з замежнымі СМІ, зь якімі я размаўляла падчас правядзеньня дасьледаваньня, вераць у тое, што без увагі СМІ палітычныя дзеяньні ўвогуле немагчымыя.
Найбольш частыя памылкі, недакладнасьці, стэрэатыпы ў публікацыях пра Беларусь
Ціханоўскую часта называлі праваабарончай актывісткай
Марыю Калесьнікаву называлі кандыдаткай у прэзыдэнты
Прасілі інтэрвію зь Віктарам Бабарыкам, калі ён ужо некалькі месяцаў быў за кратамі
Часта пісалі пра тое, што Лукашэнка выйграў выбары
Пісалі, што на вуліцы выйшлі 10 000 беларусаў, калі на вуліцах было 100 000 мінімальна
Як называюць Лукашэнку, а як Ціханоўскую
— Мы не замяралі апісаньні Лукашэнкі, бо гэта зусім іншы фокус. Мы глядзелі на вобраз Беларусі, які не скажаецца асобай Лукашэнкі, хоць такое параўнаньне было б цікава правесьці. Ціханоўскую часьцей за ўсё называлі палітычнай лідэркай, зарэгістраванай кандыдаткай ці палітычнай уцякачкай, лідэркай беларускага грамадзтва. На самым пачатку, у 2020 годзе, яе называлі жонкай Сяргея Ціханоўскага.
Роля беларускай дыяспары ў прасоўваньні беларускай тэмы ў замежных СМІ
— Дыяспара шмат працавала са СМІ цягам апошняга году. З фокус-групаў я пачула і пра гатовыя мэдыя-сьпісы з ранжыраваньнем журналістаў і выданьняў, і пра блізкія асабістыя кантакты са СМІ, і пра злучаныя каардынаваныя міжнародныя мэсыджы. Дыяспары таксама адзначылі, што сталі сродкам вэрыфікацыі для міжнародных журналістаў, якія зьвярталіся, каб запытаць, напрыклад: 100 000 пратэстоўцаў — гэта многа ці мала? Швэдзкая і ўкраінская дыяспары прывучылі СМІ не называць Лукашэнку прэзыдэнтам.
Інтэрвію ВВС для беларусаў і для замежнікаў
— Мне падаецца, што апошняе інтэрвію Лукашэнкі для ВВС стала ў нейкім пляне рэзанансным для беларускага грамадзтва, але ня выклікала ажыятажу ў замежных СМІ. На жаль, гэтае інтэрвію яшчэ раз падсьвятляе міграцыйны крызіс і асобу Лукашэнкі, але не рэпрэсіі, за якія замежныя СМІ не зачапіліся.