Амаль тысяча чалавек было затрымана ў Берасці
2020-08-16 12:58
847 чалавек былі затрыманы пад час пратэстаў супраць фальсіфікацыяў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Берасці.
Пра гэта паведаміў старшыня мясцовага гарвыканкама Аляксандр Рагачук пад час сустрэчы з жанчынамі, якія ў гэтыя дні выходзяць з кветкамі на вуліцы горада.
Сваю „адсідку” узгадвае адзін з маніфестантаў, ужо пасля вызвалення і атрыманага арышту:
– Былі спробы казаць у калідорах перад выпускам, што пратэстоўцы не маюць рацыі, што так нельга рабіць. Усё гэта гучала з вуснаў пажылога міліцыянта, але ўсе хлопцы проста глядзелі на яго проста разумеючы, што ніхто нічога не парушаў, што ўсё гэта проста нейкі сюр. Суддзя папярэдзіла, мяне, што ў выпадку, калі я зноў з’яўлюся, то мне пагражае крымінальная адказнасць.
„847 чалавек па афіцыйных дадзеных – гэта агромністая лічба для горада з насельніцтвам у 340 тысяч чалавек”, – кажуць удзельнікі пратэстаў. Аляксандр Рагачук, у сваю чаргу, дадаў што большасць затрыманняў адбыліся 9, 10 і 11 жніўня.
У людзей сілавікі стралялі гумовымі кулямі, закідвалі светашумавымі гранатамі, а па дадзеных мясцовага УУС у некаторых выпадках прымянялі агнястрэльную зброю. Усіх затрыманых збівалі і звазілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця, мясцовае СІЗА, неўстаноўленыя гаражы і спартовыя залы.
Беларускае Радыё Рацыя