Андрэй Федарэнка: «Птушкі спяваюць, нягледзячы на ўзлёты і падзенне валют…» Шчырая размова пра жыццё, кіно і літаратуру
2025-05-08 11:39
Андрэй Федарэнка — вядомы беларускі празаік. Фонд Kamunikat. org выдаў новы раман пісьменніка — «Сцэнарыст». Гэта сапраўдны дэтэктыў і адначасова драма з непрадказальным фіналам. Мы паразмаўлялі са спадаром Андрэем пра кіно, літаратуру і тое, што натхняе і засмучае ў наш няпросты час.
«Славуты штучны інтэлект можа выконваць самыя простыя функцыі, а для стварэння самастойнага тэксту ў яго няма эмоцый і таго, што называецца светапогляд...»
— Ваш апошні раман — «Сцэнарыст» — паказвае «кухню» беларускага кінематографа... Ці верыце Вы ў яго перспектывы?
— Беларускі кінематограф як мастацтва, відавочна, змірыўся са сваёй другаснасцю ў параўнанні з усемагутным «старэйшым братам» і так захрас у фільмах і серыялах узроўню «ты чё творишь?» і «здравствуйте — здравствуйте», што, баюся, яму яшчэ вельмі не скора будзе справа да перспектыў.
— «Гендырэктар „FilmBellу“ Хрушчанка быў пераведзены ў кінавытворчасць са сферы ідэалогіі, у якую ў сваю чаргу патрапіў з сельскай гаспадаркі. Так рабілі знарок, бо лічылася, што вузкія спецыялісты-прафесіяналы замыльваюцца, а чалавеку збоку відней, таму ён лепш і хутчэй разбярэцца...»- да болю знаёма! А можа, кіно ўвогуле знікае паўсюль як мастацтва і застанецца суцэльны штучны інтэлект?
— Мне здаецца, магчымасці штучнага інтэлекту моцна перабольшаны. Так, сапраўды, нейрасеткі даволі актыўна выкарыстоўваюцца ў кінаіндустрыі, асабліва пры напісанні сцэнарыяў, сапраўды, нядаўна адбыўся першы бунт людзей супраць новага пакалення машын — забастоўка Гільдыі сцэнарыстаў ЗША; якія баяліся, каб штучны інтэлнкт не пазбавіў іх працы. Але ўсё гэта вельмі зарана. Славуты штучны інтэлект пакуль можа выконваць толькі самыя простыя функцыі, прыкладна як пошукавік; ён усяго толькі спрашчае працэс адбору, а для стварэння самастойнага тэксту ў яго няма (і, упэўнены, не будзе) эмоцый, жыццёвага вопыту, а галоўнае, суб’ектыўнага стаўлення да герояў і падзей — таго, што называецца светапогляд. Праўда, апошняга часта не хапае і людзям, але гэта іншая гісторыя.
— Калі зірнуць на замежны кінематограф, то якія рэжысёры Вам імпануюць?
— У мяне цалкам кансерватыўны, закасцянелы густ, як у аднаго з герояў «Сцэнарыста». Я як застыў на кіно прыкладна канца 90-х гадоў мінулага стагоддзя, так не магу адтуль выбрацца. Любімымі сцэнарыстамі застаюцца Рычард Лесісон і Уільям Лінк, а рэжысёрам — Стыў Спілберг. Падабаецца мне Роб Райнер, які зняў «Мізары», падабаюцца нават Клод Зідзі і Ларан Тырар, якія знялі «Астэрыкса і Абелікса»... І вельмі не падабаецца ўсё прэтэнцыёзнае, кшталту «Зялёнай кнігі», усё нашумелае, кшталту «Пераходнага ўзросту», усё пошлае, кшталту «Слова пацана»... Ды яшчэ асалютна не ўспрымаю фільмы-катастрофы: так ні разу ў жыцці і не змог даглядзець «Тытанік».
«Здзіўляюся, як многа пачало выходзіць беларускіх кніг, і засмучаюся, што чыста фізічна бывае немагчыма іх набыць...»
— «Філосафы і паэты даказваюць, што ўвогуле не існуе такой катэгорыі, як час. А калі існуе, дык заўсёды аднолькава спрыяльны для ўсіх. Птушкі спяваюць, нягледзячы на ўзлёты і падзенне валют...» — гэта думка з вашай кнігі суцяшае ў нашы няпростыя часы! Ці бывала яно калі проста насамрэч? У прыватнасці, калі чалавек спрабуе мысліць нестандартна і задае шмат пытанняў сабе і свету.
— Калі чалавек сталых гадоў спытае сябе: адкуль я выйшаў і куды прыйшоў, з якога пункту А у які пункт Б, ён са здзіўленнем убачыць, што ўсе свае 60-70-80 гадоў прастаяў на адным месцы. Змянялася цела, наваколле, палітычныя і грамадскія расклады, экалогія і геапалітыка, а ён унутрана які быў у 3 гады, такі ж застаўся і ў 93. У кожнага з нас ёсць гэтая субстанцыя, якая не змяняецца, над якой час не мае ўлады. Нам можа падацца, што свет на мяжы катастрофы, усё пагаршаецца, мяняюцца месцамі нават крытэрыі дабра і зла, але разам з тым па-ранейшаму свеціць сонца і блішчыць пад яго промнямі ранішняя раса, і такія, здавалася б, нямодныя сёння рэчы, як дабрыня, спагада, бескарыслівасць, справядлівасць як былі, так і застаюцца ў пашане. І менавіта ў гэтым, а зусім не ў ядзернай зброі і не ў ваенных альянсах, паратунак і асобнага чалавека, і ўсяго чалавецтва.
— Якія кнігі апошнім часам падтрымалі і зацікавілі Вас найбольш? Ці ёсць аўтары, якія прыемна здзівілі?
— Я чытаю многа — як рэдактар і як біблітэкар па адукацыі, чытаю ўсё, што пад руку трапляе, вельмі здзіўляюся, як многа пачало выходзіць беларускіх кніг, і вельмі засмучаюся, што чыста фізічна бывае немагчыма іх набыць — ні ў папяровым, ні ў электронным выглядзе. З апошняга хацеў бы адзначыць Платона Станкевіча, першая кніга прозы якога «Незваротнасць» выйшла, калі аўтару было ўсяго 17 гадоў. Лічу, што ў яго ёсць усе неабходныя для празаіка складнікі, каб стаць не абы якім пісьменнікам. Парадавала, што акрамя мяне яго ўжо заўважыла крытыка, прыхільна сустрэўшы яго падборку апавяданняў у альманаху «Апостраф».
— Што дапамагае Вам пісаць? Калі не пішаце, то чым запоўнена Ваша жыццё, Вашы святы і будні?
— Памагае пісаць, калі тое, аб чым пішаш, так ці інакш перажыў сам. Тады адчуванне, што ты першы ў свеце, ніхто такога больш акрамя цябе не напіша (могуць лепш і горш, але не так), — вось гэтае адчуванне і памагае вадзіць ручкай па паперы ці бегаць пальцамі па клавіятуры. Калі не пішацца, можна ісці гуляць па вуліцы і глядзець па баках ці на людскія твары. Можна паехаць у лес, ці на рэчку, ці да сяброў на лецішча... А ёсць жа яшчэ непрачытаныя кнігі, старыя добрыя фільмы, ёсць камп’ютар, які звязвае з цэлым светам. Ніколі б не думаў, што і ў мае гады жыццё, аказваецца, можа быць такім багатым, поўным і цікавым у простых рэчах.
«Аўтар павінен старацца як найменш залежаць ад каго б ні было, у тым ліку і ад самых прыхільных чытачоў»
— Якую кнігу лічыце сваёй візітнай карткай?
— Калі браць за крытэрый тыраж, перавыданні, пераклады на іншыя мовы, то «Шчарбаты талер». Кніга вытрымала некалькі перавыданняў, у тым ліку па-руску, а нядаўна выйшла ў Кітаі па-кітайску. Шкада, што не ведаю, якім накладам, і ўсё збіраюся пры нагодзе пацікавіцца.
— Ці адчуваеце патрэбу ў сустрэчах з чытачамі, абмене думкамі з аўдыторыяй? Ці ёсць у Вас такая магчымасць?
— Па-першае, няма магчымасці, а па-другое, няма вялікай патрэбы. Калі я пішу кнігу ці проста новы твор, дык адначасова — паралельна — стараюся стварыць і віртуальнага чытача; так што чытач рэальны мне, канечне, важны, але ён не на першым месцы. У гэтым, дарэчы, маё пісьменніцкае шчасце. Аўтар павінен старацца як найменш залежаць ад каго б ні было, у тым ліку і ад самых прыхільных чытачоў.
— Якія мясціны ў Менску/Беларусі натхняюць?
— У Мінску гэта мікрараён, які называецца Захад, там, дзе лесапарк Мядзведжына з яго панурымі елкамі і маляўнічымі стаўкамі, у Беларусі — Усходняе Палессе. Мне заўсёды было трохі крыўдна, што пішуць і кажуць Палессе, апрыёры маючы на ўвазе толькі Заходняе, Пінскае. А Мазырскае куды дзець? Палескую вобласць, якая існавала да 1954 года са сталіцай у Мазыры? Усходняе і Заходняе Палессі — гэта як дзве розныя краіны, розныя па ўсім: па мове, па прыродзе, па характарах, па адзенні, па прозвішчах... Хіба што ежа была аднолькавая: картоплі тут і там і ўюны. Яшчэ са школы засеў у памяці верш Крапівы, як іншаземец прыехаў павандраваць па Беларусі. «Ці то яго цікавіў Мінск, ці то Мазыр і Прыпяць, // А толькі ён зайшоў бутэльку піва выпіць»... Вось так і мяне цікавяць найбольш Мінск, Мазыр і Прыпяць.
— Як ставіцеся да такой з’явы, як бясплатная электронная бібліятэка? Да аўдыякніг?
— Станоўча, асабліва цяпер, у час, калі растуць, як на дражджах, розныя забарончыя спіскі і інш. Аўдыя- і электронная бібліятэка дазваляюць напрасткі, без праблем дабрацца да патрэбнага твора. Таму я заўсёды буду ўдзячны спадару Яраславу Іванюку, які ўзяў на сябе недзвычай важную і важкую працу — упарадкаванне беларускіх кніг, у тым ліку і маіх, і цяпер, калі яны ўсе ў адным месцы і ў адкрытым доступе, у мяне спакойная душа.
Сцеша Лісоўская, Kamunikat.org