Андрэй Хадановіч: Людзі, якія пішуць у турме, часам, ўнутрана найбольш свабодная частка нашага грамадства
2022-07-24 21:01
У межах „Дзён беларускай культуры” фонд „Беларусы ў Лодзі” правёў імпрэзу прысвечаную літаратуры беларускіх палітвязняў.
Ад беларускага ПЭН-цэнтру там быў паэт Андрэй Хадановіч, які распавёў у нашым эфіры пра беларускіх дзеячаў культуры ў зняволенні і чым ім дапамагае стварэнне там твораў.
– Чалавек, які апынаецца ў зняволенні, літаратура ёсць сродкам, па-першае, камунікацыі са светам, сродкам застацца самім сабою, практыкаванне, скажам так, у свабодзе ў несвабодзе знешняй здавалася б сітуацыі, і сродак тэрапіі. Калі ў нашым зняволенным грамадстве, мы казалі ўчора, на жаль, цень кратаў падае на ўсю Беларусь і ўсё грамадства і мы пачуваемся хто ў эміграцыі, хто ў падполлі, хто ва ўнутранай эміграцыі, але мы задыхаемся ў нэтай несвабодзе, часам людзі, якія пішуць у турме – унутрана найбольш свабодная частка нашага грамадства.
Безумоўна нотай нашых размоваў была салідарнасць і глыбокая павага да людзей, якія ёсць камертонам чалавечнасці ў такой сітуацыі. За краты можа трапіць прафесіянал у сваёй галіне мастацтва, літаратуры, і таму ён робіць там, як Алесь Бяляцкі ці Аляксандр Фядута, працягваючы свае літаратуразнаўчыя роздумы і пошукі. А некаторых людзей можа быць мірны свет, цывільны не ставіў бы перад імі выклікі пісання, але апынуўшыся ў зняволенні, чалавек знаходзіць унутры сябе маральныя, філасофскія, часам рэлігійныя эстэтычныя глыбіні. Турма, відаць, тое месца, дзе абстрагуешся ад выпадковага, ад наноснага і гаворыш пра рэчы найважнейшыя і найбольш сутнасныя.
Цалкам размову з паэтам можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле.
Беларускае Радыё Рацыя