Андрэй Новікаў: У Беларусі няшмат людзей, гатовых змагацца за сябе
2020-05-25 12:42
Андрэй Новікаў – той самы падпалкоўнік у адстаўцы, былы супрацоўнік расейскай паліцыі, якога аштрафавалі за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага з Пастаўскага раёна.
Былы паліцыянт і прафесійны вайсковец жыве ў вёсцы Прусы на Пастаўшчыне. Ён перакананы, што не зрабіў нічога дрэннага, даўшы інтэрв’ю вядомаму блогеру, бо цяперашняе становішча цярпець ужо немагчыма.
Пра гэта гавораць усе, нават самі супрацоўнікі міліцыі, кажа Андрэй Новікаў:
– Людзі сістэмы! “Вы ж нас разумееце”, – кажуць, калі размаўляюць са мной як калега з калегам. І шмат хто незадаволены гэтай сістэмай. Многія прафесіяналы хочуць проста працаваць і выконваць свае абавязкі, а вымушаны займацца гэтым брудам. Таму што баяцца, ім бракуе гонару і годнасці, каб падняцца ды сысці.
Андрэй Новікаў адзначае, што няпэўна сябе адчуваюць і ўлады, і што простыя людзі даўно ў іх зняверыліся. Але не так шмат людзей, гатовых змагацца за сябе, і гэта кепска. Сам ён збіраецца абскардзіць у абласным судзе той штраф, які яму прысудзілі за сустрэчу з Ціханоўскім – 30 базавых велічынь, або 810 рублёў. У поспех асабліва не верыць, але і пагаджацца з тым, што вінаваты за праўду, не збіраецца.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск