У новым роліку арт-праекта «Словы мацней» свае вершы чытае паэт Антон Рудак.Арт-праект
«Словы мацней» — гэта Беларусь галасамі сучасных беларускіх літаратараў.
страшна было напачатку
да першай бамбардзіроўкі
першыя выбухі першыя мёртвыя
вулічныя баі непрыстойна кароткія
зранку на вуліцах танкі
салдаты на скрыжаваннях
мужчын сагналі ў лагер
збівалі вады не давалі
каго расстралялі каго адпускалі
жанчыны чужых да сябе забіралі
параненым лекары дапамагалі схавацца
усім паступіў загад вярнуцца на працу
потым усіх каго трэба сагналі ў гета
для астатніх пасля пачала выдавацца газета
пасля пад пагрозай расстрэлу ўсім загадалі здаць радыё
людзі хмурнелі чыталі загады пляваліся
і тады пакрысе пакрыёма
на далёкіх ускраінах горада
у дэпо на заводах і ў колах сяброў
пачало нараджацца падполле
і пасля было мноства разгромаў
і ўзаемнага недаверу
здрады помсты вялікай подласці
і гераізму бязмернага
і іх арыштоўвалі
ладзілі вобшукі
і на чужыну вывозілі подла
насуперак іхняй волі
але яны верылі ў перамогу
і дамагліся свайго
і сёння мы ходзім па вуліцах што
названыя іх імёнамі
калі табе стане сумна
успомні пра іх подзвіг
калі табе стане прыкра
успомні пра іх прыклад
калі табе стане шкада сябе
успомні пра іх ахвяры
і ніколі болей не думай што ўсе
не гатовыя да перамогі
Антон Рудак — журналіст, гісторык, паэт. Нарадзіўся 9 жніўня 1989 года ў Мінску, скончыў Нацыянальны гуманітарны ліцэй і гістарычны факультэт БДУ.
Свае вершы публікаваў на старонках газеты «Наша Ніва», у часопісе «Дзеяслоў». Стаў фіналістам конкурса Беларускага ПЭН-Цэнтра да стагоддзя Ларысы Геніюш. У 2014 годзе свет пабачыў яго паэтычны зборнік «Верхні горад», дзякуючы якому Антон стаў лаўрэатам прэміі «Кніга году».
Перакладае з польскай мовы.