«Апошнія сведкі» — другая кніга ў серыі «Галасы ўтопіі» Святланы Алексіевіч
2023-07-24 22:46
Неўзабаве на ўсіх буйных пляцоўках з’явіцца аўдыёкніга «Апошнія сведкі» — другая ў серыі «Галасы ўтопіі» Святланы Алексіевіч.
Над аўдыёверсіяй цыкла «Галасы Утопіі» Святланы Алексіевіч працуе зорны акцёрскі склад: Алег Гарбуз, Алена Баярава, Сяргей Чуб і Крысціна Дробыш. Яшчэ колькі гадоў таму вы маглі бачыць іх на сцэнах Купалаўскага тэатра і Тэатра беларускай драматургіі. Але здарылася, што здарылася. І вось цяпер гэтая кампанія сабралася ў адной студыі, каб правесці разам нават не адну сотню гадзін і ў выніку атрымаць першую ў гісторыі аўдыёверсію найноўшага перакладу кніг Святланы Алексіевіч.
Мы спыталі ў саміх акцёраў, навошта гэта ўсё патрэбна цяпер, што ўразіла і што было самым складаным.
Чаму гэтыя кнігі патрэбныя цяпер?
Сяргей Чуб:
— Праўда... Часам яна бывае балючай, але калі яна датычыцца такіх падзей, як вайна, Чарнобыль, людзі павінны ведаць яе. І лепей позна, чым ніколі.
Алег Гарбуз:
— Яны патрэбныя заўжды. І Алексіевіч — не адзіная крыніца. Слухайце, чытайце, удумвайцеся.
Алена Баярава:
— Тое, што адбывалася падчас вайны, заўсёды здавалася далёкім мінулым, якое трэба помніць і шанаваць. Здавалася, што гэта застанецца толькі ў кнігах і фільмах. Святлана Алексіевіч зрабіла неверагодную працу, зафіксаваўшы ўспаміны сведкаў Другой сусветнай і Афганскай вайны, ліквідатараў і ахвяр Чарнобыльскай катастрофы. Страшна ад таго, што гісторыя, на жаль, паўтараецца. Мы не ведаем дакладна ўсіх падзей, якія адбываюцца зараз, але мы можам прачытаць кнігі Святланы Алексіевіч і зразумець аб’ём гэтай катастрофы.
Крысціна Дробыш:
— Хочам мы гэтага ці не, але гісторыя паўтараецца. Яна можа змяняць час, месца, але сутнасць застаецца той жа. Тое, што ёсць у кнігах Святланы Алексіевіч, — яно вось тут цяпер з намі. А некаторыя былі для мяне як погляд у будучыню. Гэта трэба пачуць цяпер, каб убачыць, наколькі іншай ёсць гісторыя таго, што, здавалася, расказанае з усіх бакоў. Наколькі яна актуальная цяпер. Да дрыжыкаў.
Што было самым складаным падчас запісу?
Сяргей Чуб:
— Не прапускаць праз сябе ўвесь чалавечы боль, увесь жах таго, што адбывалася.
Алег Гарбуз:
— Самым складаным ёсць заставацца ў беларускім інфармацыйным полі. І без гэтага няможна. Як перажыць смерць Алеся?.. Я не ведаю. Ён будзе адпомшчаны, як бы гэта ні гучала.
Алена Баярава:
— Самым складаным для мяне было не падключацца, як гэта адбываецца ў тэатры на спектаклі. Хочацца плакаць, крычаць, а гэтага рабіць нельга. У гэтых кнігах крычаць і плачуць словы.
Крысціна Дробыш:
— Напэўна, трымацца на адлегласці ад гісторый. Выключыць тую частку акцёрскую, якая падключаецца і пражывае гэтую гісторыю. Заўсёды нагадваць сабе, што ты — не той чалавек, твая задача — тэкст.
Колькі гадзін давялося правесці ў студыі?
Сяргей Чуб:
— Як ні дзіўна, не магу зразумець дакладна... Перапынкі ў запісах заціраюцца чамусьці і ў галаве ёсць толькі праект цалкам.
Алег Гарбуз:
— Многа.
Алена Баярава:
— Не магу адказаць дакладна. Можа, і многа мы гадзін запісалі, але для мяне працэс запісвання аўдыёкніг такі пазнавальны і захапляльны, што мне здаецца, быццам толькі-толькі пачалі.
Крысціна Дробыш:
— Больш за сотню дакладна. І гэта мы яшчэ не скончылі.
Што ў творах зачапіла больш за ўсё і чаму?
Сяргей Чуб:
— Шмат гісторый, звязаных з дзецьмі, жывымі істотамі — катамі, сабакамі — заселі ў галаве. Як ні стараешся, усе адно бачыш сябе ў тых цяжкіх абставінах, задаешся пытаннем: як бы дзейнічаў я? Як бы рэагаваў?..
Алег Гарбуз:
— Паляўнічыя ў Зоне. На хатнюю жывёлу. Каторыя стралялі сабакаў, катоў… Бог ім суддзя.
Алена Баярава:
— Я упершыню даведалася, што у 90-я гады за «Цынкавых хлопчыкаў» на Святлану Алексіевіч падалі ў суд — быццам бы яна зняпраўдзіла аповеды некаторых герояў і абясцэніла іх унёсак у Афганскую вайну.
Крысціна Дробыш:
— Гісторыі дзяцей і пра дзяцей. Гэта заўсёды балючая тэма. Мяне разрывае знутры. І яшчэ факт схаванасці спектаклю «Цынкавыя хлопчыкі» ў Купалаўскім. Ён быў досыць хутка зняты з рэпертуару, неўзабаве пасля пачатку суда. І вось цяпер мы пайшлі шукаць інфармацыю і амаль нічога не знайшлі. Яго проста сцерлі, як змаглі сцерці і ўсю трупу Купалаўскага пасля 2020-га.
Якая з кніг стала адкрыццём?
Сяргей Чуб:
— «Цынкавыя хлопчыкі». Тэма вайны ў Афганістане была далёкай ад мяне. Вялікая Айчынная — гэта зразумела, у школе вывучалі, кінастужкі глядзелі, а тут нейкія падзеі... Дзесьці... Дзяржава тэму не кранала, таму быццам і міма прайшло. Пазней з’явіліся пытанні, што ж там было. А быў жах... Ізноў жа — праўда, якую ад нас хавалі.
Алена Баярава:
— Кніга «Апошнія сведкі». Я раней яе не чытала, і аповед маленькіх сведкаў вайны вельмі моцна мяне крануў .
Крысціна Дробыш:
— Яна наперадзе — «Час сэканд-хэнд».
Першая кніга серыі «Галасы Утопіі» — «У вайны не жаночы твар» — ужо апублікаваная. Шукайце зручную для вас пляцоўку па
спасылцы.
Праект стаўся магчымым дзякуючы супольным намаганням Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.
На фота злева направа: Алег Гарбуз, Павел Сініла, Крысціна Дробыш, Сяргей Чуб і Алена Баярава.
Фота: Ірына Арахоўская