Апытанне: Якая яна – ідэнтычнасць беларусаў Падляшша?
2022-04-27 16:37
У Беластоцкім універсітэце адбылася дыскусійная панэль «Ідэнтычнасць беларусаў Падляшша», дзе ўдзельнічалі беларусы – выбітныя дзеячы навукі і культуры рэгіёну.
Наша карэспандэнтка Вольга Смашка пацікаваліся ў спікераў і гасцей вечара, што азначае для іх беларуская ідэнтычнасць ва ўмовах Падляшша.
Міша Грэсь:
– Калі хтосьці адчувае сябе беларусам, то што тут можна памяняць? Раней можна было ў Беластоку вызначыць, хто прыехаў з Беларусі, а зараз беларусы апранаюцца ў польскіх крамах, таму цяжка на вуліцы адрозніць.
Аніта Прымака-Оніш:
– Ідэнтычнасць – гэта такі працэс, калі разумееш, хто я, адкуль я і куды я іду.
Гісторык Алег Латышонак:
– Гэта з’ява, якая ўжо адышла ў мінулае, яна была вельмі моцная ў 80-90 гады на ўзроўні этнічным, па-свойму казалі, усе праваслаўныя. Яшчэ традыцыі вясковыя, што зараз не існуе.
Культурны менеджар Павел Станкевіч:
– Вельмі важная канфесія беларусаў Падляшша, таму што, мне падаецца, амаль усе беларусы Падляшша – гэта праваслаўныя людзі. Гэта мова бабулі, дзядулі, іх чулі, і таму мы разумеем, што мы іншыя, чым большасць, якая тут ёсць вакол нас.
Удзельнікі дыскусійнай панэлі «Ідэнтычнасць беларусаў Падляшша» закранулі праблемы вывучэння беларускай мовы і самой беларускай адукацыі на Падляшшы. Таксама прагучала меркаванне аб неабходнасці падтрымкі афіцыйнай Беларуссю свайго народу па-за межамі краіны.
Беларускае Радыё Рацыя