Ар’е Левін з падляшскай Орлі – абсалютны праведнік Ерусаліма
2020-05-24 12:12
22 траўня, у Дзень Ерусаліма, па ўсім свеце ўспаміналі беларусаў, якія шмат зрабілі для сталіцы Ізраіля. У прыватнасці Ар’е Левіна.
Яго называюць «бацькам габрэйскіх зняволеных». Пра асобу праведніка з Орлі гаварылі падчас анлайн-лекцыі, зладжанай менскім Культурным цэнтрам «Натыў».
Кажа дырэктар габрэйскага агенцтва «Сахнут» Расціслаў Ноткін:
– Яго называлі ерусалімскім святым ці праведнікам ерусалімскім. Я раблю тут нейкую нацяжку, я гарадок Орлю прыпісваю да Беларусі. Гэта, верагодна, усё ж такі Польшча, але ў якісьці момант Беласток таксама быў Беларуссю. Таму я дазволіў сабе. Я гэтага персанажа вельмі пяшчотна люблю. Пра яго расказваюць легенды. Ён быў абсалютны праведнік. Невысокага росту чалавек. Рэлігійны. Ён быў мажгехам, які назіраў за правіламі кашрута ў Вялікай Ешыве. У прынцыпе за выкананне габрэйскіх нормаў ён назіраў.
У Ерусаліме шануюць дапамогу беларусаў у адбудове грамадства і захоўваюць памяць пра беларускіх сыноў і дачок, якія знайшлі сабе новы дом у Ізраілі.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск