- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Археалагічнае вывучэнне старажытнасцей Беларусі пачалося ў 2-й пал. 18 ст. У 1-й чв. 19 ст. Т. Нарбут даследаваў курганы паміж Магілёвам і Рагачовам і ў маёнтку Шаўры Лідскага пав., вызначыў пахавальны абрад – інгумацыя на грунце пад насыпам. З.Я.Даленга-Хадакоўскі склаў 4-томны «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў», які змяшчае дадзеныя пра некалькі тыс. археал. помнікаў, з іх каля 200 зафіксавана на Беларусі (гарадзішчы ён лічыў свяцілішчамі). У 1855 Я. П. Тышкевіч, які вывучаў курганы на Міншчыне, стварыў Віленскі музей старажытнасцей і пры ім Віленскую археал. камісію. Яна збірала і вывучала старажытнасці, арганізоўвала раскопкі, выдавала на іх дазвол. Надрукавана некалькі тамоў «Запісак археалагічнай камісіі» і шэраг краязнаўчых прац. Першым сфармуляваў канкрэтныя задачы раскопак К. П. Тышкевіч. Ён даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчы і замчышчы Мінскай губ., склаў іх тапаграфічныя планы. А. Г. Кіркор раскопваў курганы ў Ашмянскім, Барысаўскім, Вілейскім, Навагрудскім, Мінскім паветах, класіфікаваў і датаваў археал. помнікі, паводле пахавальнага абраду вызначаў этнічную прыналежнасць нябожчыкаў. На Полаччыне курганы раскопваў К. А. Гаворскі, на Лепельшчыне – М. Ф. Кусцінскі (ім даследавана каля 100 курганоў).