Архетыпы, хіпстары і… нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд
2025-06-07 13:00
Вынік травеньскіх выдавецкіх высілкаў не адолееш за кароткі час, аднак ці варта чытаць усё запар? Бо кнігі выйшлі на любы густ: ад фантастычных аповедаў пра Мінск да перавыданняў легендарных цікавостак. А «Дом» Андрэя Горвата пра нараўлянскі палац увогуле ўжо разышоўся, але мы ўсё роўна пра яго напісалі, бо абяцаюць дадрукаваць.
Мастацкая літаратура
Серыя «Акно ў прозу»
Выдавецтва Gutenberg Publisher ініцыявала серыю перавыданняў сучаснай беларускай прозы.
У межах серыі будуць перавыдавацца прыкметныя беларускія празаічныя творы апошняга часу, першыя выданні якіх даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.
Ужо выйшла пяць кніг.
Раман Уладзімера Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», манументальны твор пра (не)савецкіх людзей, (не)савецкі горад Мінск і каханне, якому ўсё роўна. Беларусь і беларусы бачацца аўтарам праз прызму чалавека, які вырас у 60-х.
У кнізе «Invicta, або Галоўная памылка Афанасія» Югасі Каляды кахання ўвогуле няма, а яго адсутнасць і ілюзорнасць робіцца цэнтральнай тэмай. У творы пануе атмасфера пачатку абсурднага ХХІ стагоддзя.
Макс Шчур у кнізе «Завяршыць гештальт» разглядае Беларусь з Еўропы, параўноўваючы, разбураючы і ствараючы. Гэтая кніга — помнік на пахаванні міта пра Эўропу, якім жылі і жывуць шматлікія беларусы.
Ілля Сін і ягонае «Libido» — гэта перапрацоўка агульнабеларускіх архетыпаў пра нашыя гарады і вёскі, нашыя думкі і мары, наш быт і нашую культуру. Час, калі адбываюцца дзеі кнігі, зусім няважны, бо змянілася так мала.
Павел Касцюкевіч у «Блогу Усяслава Чарадзея» знаходзіць агульныя рысы ў часінах Полацкага княства і хіпстарамі ў спакойным 2013-м, узгадваючы культурныя коды гадоў, калі смузі і веганства былі на піку.
Выдавецтва: Gutenberg Publisher.
«(Ня)чысты Мінск»
У зборнік увайшлі апавяданні ўдзельніц таварыства беларускіх фантастаў «Шуфлядка пісьменніка». Пятнаццаць аўтарак, пятнаццаць твораў — пятнаццаць розных сусветаў. Аднак усе яны так ці інакш звязаныя з Мінскам, яго гісторыяй, адметнымі і цікавымі мясцінамі. Разам з героямі чытач пашпацыруе праспектамі і вулкамі сталіцы, наведае Мінскае мора і парк Перамогі, сустрэнецца з містычнымі і невытлумачальнымі з’явамі... Пісьменніцы абапіраюцца на беларускую міфалогію, але не пераказваюць падручнікі, а ствараюць свае мастацкія вобразы і сюжэты.
Для выдання кнігі ініцыятары запусцілі адмысловы конкурс і з 104 аповедаў выбралі 15. Спачатку зборнік выйшаў на рускай мове, але па просьбе чытачоў кнігу пераклалі на беларускую.
Выдавецтва: «Папуры».
Пахне пераспелым яблыкам
Кніга ўключае ў сябе творы, напісаныя навучэнцамі Школы маладога пісьменніка (выпуск 2024 года) — нефармальнага праекта па літаратурнай адукацыі, які дзейнічае з 2012 года.
Прапанаваныя для кнігі тэксты раскрываюць найразнастайнейшыя грані таленту аўтараў і аўтарак: паэзія змяняецца прозай, драматургія — перакладамі, а верлібр — сілаба-тонікай.
Зборнік з’яўляецца лагічным працягам папярэдніх анталогій выпускнікоў ШМП: «Параходзік сучаснасці», «Казкі майго горада», «Вешчуны ідуць на Беларусь», «Scriptorium».
Выдавецтва: Kamunikat. org
Васіль Быкаў «Круглянскі мост», «Абеліск» і «Воўчая зграя»
Тры творы Васіля Быкава, сабраныя ў адной кнізе, прысвечаныя жыццю людзей, што апынуліся пад акупацыяй.
Героі твораў вырашаюць для сябе найскладанейшае пытанне: як пад гнётам няўмольных абставінаў застацца чалавекам.
Выдавецтва: «Папуры».
Андрэй Горват «Дом»
Пісьменнік Андрэй Горват напісаў і выдаў новую кнігу пра нараўлянскі палац, аднаўленнем якога ён займаўся.
Набыць кнігу можна было
тут. Цяпер можна пакінуць email, каб даведацца, калі яна зноў з’явіцца ў продажы.
Артур Клінаў «Шалом». Перавыданне ў новай рэдакцыі
З‘явілася другое выданне рамана «Шалом» мастака і пісьменніка Артура Клінава. Кніга выходзіла ў 2010 годзе і ўвайшла ў шорт-ліст Прэміі Гедройця. Цяпер раман надрукаваны ў новай рэдакцыі.
Прачытаўшы кнігу, вы нарэшце даведаецеся, ці ёсць сэнс жыцця, спасцігнеце таямніцу праклёну славянаў, навучыцеся зарабляць дваццаць тысяч еўра за месяц, зразумееце, як належыць паводзіцца ў выцвярэзніку і што трэба рабіць, калі да вас дахаты адно за адным прыходзяць пажарнік, участковы міліцыянт, цешча, поп і грамадзянін у шэрым паліто. Вы даведаецеся, як мыць валасы, не здымаючы шалома, і што трэба адказаць людзям, якія ўсё ж такі хочуць зняць яго з вашай галавы.
Выдавецтва: «Логвінаў».
Ігар Кулікоў «Нетутэйшая далечыня»
У сёмай кнізе Ігара Кулікова сабраны вершы, напісаныя ў 2021-2023 гадох, а таксама пераклады з ангельскай і санскрыту.
Парк пахне прэлінай таго, што адбыло,
і цені дрэў больш не залежныя ад сонца.
Яны ляглі на дол як прошлае сьвятло,
як знак таго, што концае — бясконца.
І лужы, створаныя ўчорашнім дажджом,
дасюль глядзяць уверх, у страчанае неба,
дзе йшчэ нядаўна быў іх хмаравіты дом,
а сёначы — вятрамі ўзораная глеба.
Гляджу і я, гару і я разгорнутай душой,
лістом таемным у пустым канверце
бяз адрасу таго, хто вечнаю рукой
паслаў яго як адмаўленьне сьмерці.
Выдавецтва: «Янушкевіч»
Дзяніс Трусаў «Боў і мерць у Хротне»
«Гэта беларускі Twin Peaks і Silent Hill, пастмадэрнісцкі раман-пазл аб самасвядомасці і раскаянні, які даследуе тэму памежжа, гэта моўная прыгода і нечаканая науковая фантастыка з хрысціянскай і будыйскай падаплёкай, у якой перапляліся мовы і эпохі і ў якой галоўнаму герою трэба пазбавіцца ад уласнага трупа і ўспомніць назву краіны, з якой ён родам», — паведамляе анатацыя рамана.
«Цікава, як жыццёвыя сюжэты ўтвараюць кола, як яны зноў і зноў перакрыжоўваюцца — часам без асаблівага сэнсу, часам са схаваным, не адразу зразумелым значэннем», — тлумачыць свой адметнасці свайго тэксту Дзяніс Трусаў, паэт, музыка і празаік з Гародні.
Выдавецтва: Kamunikat. org
Саша Філіпенка «Слон»
«У гэтай кніжцы аднойчы, у адзін дзень прыходзяць сланы. І гэтая кніга пра тое, як мы заўважаем праблемы ці не заўважаем. Кніжка пра расчалавечванне. Кніжка пра тое, як мы па-рознаму ставімся да кахання, любові. На што мы гатовыя і на што мы не гатовыя. Гэта кніжка пра выбар, пра тое, што кожны з нас робіць ці не робіць, ці вырашае не рабіць, бо разважае: „А, ну цяпер сланы прыйшлі, яны пойдуць праз тры дні, як казалі. І навошта мне нешта рабіць?“ Пра пасіянарыяў. Мне падаецца, што, як і мая кожная кніжка, гэтая кніжка пра выбар», — піша пра свой твор Саша Філіпенка.
Выдавецтва: Gutenberg Publisher
Юля Цімафеева «Кровазварот»
У новым канцэптуальным зборніку вершаў Юля Цімафеева праз паэтычную форму апавядае гісторыю свайго роду ў ХХ стагоддзі і шукае сваё месца ў гэтай гісторыі.
«...я хачу зразумець, што яднае маю Еўропу з той, у якой я жыву, яднае не толькі зараз, але і ў мінулым, калі мяне яшчэ не існавала, а ніткі майго роду ўжо завязваліся вузельчыкамі на яе мапе. Я іх расшукваю, каб аднавіць гісторыю сваёй сям’і, каб злучыць у адно палатно з аповедамі, мне вядомымі з дзяцінства, каб зрабіць уласнае жыццё ягонай часткай», — піша аўтарка.
Выдавецтва: «Янушкевіч»
Дзіцячая літаратура
Генадзь Аўласенка «Як Вадзянік з людзей жартаваць спрабаваў: тапанімічныя казкі»
У новым зборніку тапанімічных казак аўтар у цікавай, займальнай форме тлумачыць назвы населеных пунктаў і вадаёмаў розных рэгіёнаў Беларусі, прапануе юнаму чытачу сваё ўласнае меркаванне пра іх паходжанне, апавядае, з чым можа быць звязана ўзнікненне той ці іншай назвы. Чытач мае магчымасць пазнаёміцца з незвычайнымі казачнымі, а таксама сапраўднымі гісторыямі пра таямніцы беларускіх тапонімаў.
Выдавецкі дом «Звязда»
Алена Масла, Ларыса Мятлеўская «Пачастунак для цмока»
Пісьменніца Алена Масла і этнограф Ларыса Мятлеўская стварылі не проста кнігу, а кулінарна-містычнае падарожжа, падчас якога ўдала спалучаюцца гістрычныя факты і падзеі, што адбываюцца ў Мінску ў ХІХ стагоддзі і жыццё сучасных мінчукоў.
Апынуўшыся ў сучасным Мінску, кухцікі з радзівілаўскай кухні ХІХ стагоддзя — Яніна і Кунігунда — разам з новымі сябрамі гатуюць старасвецкія стравы, дзеляцца цікавымі і каштоўнымі звесткамі пра звычкі і людзей свайго часу, а таксама шукаюць паратунку ад лютага Цмока.
Дынамічны сюжэт, незвычайныя факты і гістарычня звесткі, цікавосткі пра звыклыя нам стравы і прадукты робяць кнігу цікавай не толькі для дзяцей, але і для дарослых.
А яшчэ на старонках кнігі вас чакаюць: незвычайныя факты з біяграфіі Максіма Багдановіча, факты пра гісторыю бульбы і чаю, пра смаргонскія абваранкі і мядзвежую акадэмію, пра «прыемную аптэчку», што мусіла быць у кожным шляхецкім доме, пра чорную гусь і мніхі з абараначкаў і пра тое, чым карміць Цмока.
А яшчэ 12 страў старабеларускай кухні, якія маленькі чытач з дапамогай бацькоў можа прыгатаваць разам з героямі.
Выдавецтва: «Открытая книга»
Людміла Рублеўская «Прыгоды мышкі Пік-Пік». Перавыданне
У чатырох кнігах, з цудоўнымі ілюстрацыямі Марыі Каратаевай змешчаны яшчэ і гульні для маленькага чытача.
Жыла была Мышка Пік-Пік у норцы. Ёй падабаліся абгорткі ад цукерак з малюнкамі Мікі-Маўса. З усяе мэблі ў яе быў толькі ложак — цукерачная каробачка. Любіла вельмі любіла пернічкі, шакаладкі, арэшкі, яблычкі.
Выдавецтва: «Аверсэв»
Набыць можна ў беларускіх кнігарнях ці
тут.
Пераклады
«Спеў пра Майго Сіда»
Над перастварэннем гішпанскага гераічнага эпасу працаваў Якуб Лапатка (1944 — 2024), а пазней Лявон Баршчэўскі.
Класічны твор гішпанскага гераічнага эпасу пад назвай «Спеў пра Майго Сіда» быў складзены невядомым аўтарам у ХІІ стагоддзі, але дайшоў да нас у пашкоджаным спісе з 1307 году. Галоўны ягоны герой — рэальная гістарычная асоба, Радрыга (Руй) Дыяс, адважны ваяр і мудры правадыр, які атрымаў ад сваіх праціўнікаў, мусульман-маўраў, мянушку Мой Сід («гаспадар»).
Першы пераклад твору на беларускую мову, зроблены з мовы арыгінала, то-бок са старагішпанскай, і ствараўся аўтарам перакладу «Калевалы» Якубам Лапаткам, але не быў ім завершаны ў сувязі са смерцю. Рэшту твора пераклаў Лявон Баршчэўскі, які адрэдагаваў увесь тэкст і падрыхтаваў неабходныя дадаткі да яго.
Выдавецтва Рамана Цымберава.
Набыць можна
тут з перасылкай па усім свеце.
Юры Іздрык «Human Right»
Зборнік Юрыя Іздрыка — гэта другая кніга перакладаў з украінскай і трэцяя кніжка ў серыі з Украіны. Дагэтуль выходзілі вершы паэта Сяргія Жадана ў перакладзе Андрэя Хадановіча і зборнік беларускага паэта Сяргея Прылуцкага, які даўно жыве ва Украіне.
Над перастварэннем кнігі па-беларуску працавалі Наталля Русецкая і Алесь Плотка.
Выдавецтва: hochroth Minsk.
Кнігу неўзабаве можна будзе замовіць праз
сайт выдавецтва, а таксама ў беларускіх кнігарнях у гарадах Еўразвязу.
Ганна Краль «Апярэдзіць Госпада Бога»
На працягу больш як сарака гадоў кніга Ганны Краль «Апярэдзіць Госпада Бога» застаецца класікай польскага рэпартажу і адной з самых узрушальных аповесцяў пра паўстанне ў Варшаўскім гета ў красавіку 1943 года і лёсы польскіх габрэяў, якія стварыла літаратура XX стагоддзя.
Гэта кніга, якая ўзнікла з размоў з Маркам Эдэльманам, лекарам, адным з кіраўнікоў паўстання падчас вайны. Марк Эдэльман распавядае пра вайну і пра медыцыну. Пра тое, што такое годная смерць і годнае жыццё. Гэта таксама гісторыя пра людзей, якія яго атачалі — пра паўстанцаў, манашак, былых акоўцаў, жанчын, якіх ён кахаў, пра пацыентаў і пра дактароў.
Пераклад Лявона Баршчэўскага.
Выдавецтва: «Полацкія лабірынты».
Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць»
«Пыха і перадузятасць» — другі раман англійскай пісьменніцы Джэйн Остэн (1775–1817), які выйшаў у 1813 годзе, адзін з самых папулярных у свеце твораў англійскай літаратуры. Паўплываў на развіццё жанру любоўнага рамана і зрабіўся адным з самых яркіх яго ўзораў. Вылучаецца непаўторнай остэнаўскай іроніяй і можа лічыцца энцыклапедыяй жыцця дробнапамеснага англійскага дваранства на мяжы ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў.
Выдавецтва: «Янушкевіч».
Кен Кізі «Палёт над гняздом зязюлі»
Амерыканскі пісьменнік Кен Кізі (1935–2001) у сваім культавым рамане стварыў драпежны і жывы свет, у якім няпроста пабачыць падзелы паміж нармальнасцю і вар’яцтвам, свабодай і адказнасцю за тых, хто ў цябе паверыў.
Пераклад Аляксея Знаткевіча.
Выдавецтва: «Янушкевіч».
Набыць можна тут.
Мілаш Урбан «Сямікасцелле. Гатычны раман з Прагі»
Містычны дэтэктыў чэскага аўтара Мілаша Урбана выйшаў у 1999 годзе і імкліва вынес аўтара на чэшскі літаратурны Парнас. Гатычнасць у творы спалучаная з элементамі містычнага дэтэктыву.
Пераклад Сяргея Сматрычэнкі.
Выдавецтва: «Янушкевіч».
Мілаш Урбан «Сямікасцелле. Гатычны раман з Прагі»
Містычны дэтэктыў чэскага аўтара Мілаша Урбана выйшаў у 1999 годзе і імкліва вынес аўтара на чэшскі літаратурны Парнас. Гатычнасць у творы спалучаная з элементамі містычнага дэтэктыву.
Пераклад Сяргея Сматрычэнкі.
Выдавецтва: «Янушкевіч».
Нон-фікшн
Сяргей Навумчык «Дзевяноста пяты». Перавыданне
У кнізе дэпутата першага парлямэнту незалежнай Беларусі Сяргея Навумчыка распавядаецца пра драматычны 1995 год. У тым ліку — пра зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Авальнай залі Дому ўраду і антыканстытуцыйны рэфэрэндум, які паставіў кропку ў апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня і адкрыў шлях да ўсталяваньня прарасейскага дыктатарскага рэжыму.
Выдавецтва: Kamunikat. org
Арцём Сізінцаў «На «Старт» і ў «Тэмпе». Ножны шпурляк на Аршаншчыне
Кніга — маштабная работа пра гісторыю ножнага шпурляку (футболу) на Аршаншчыне, якая таксама закранае агульны дыскурс развіцця гэтага віду спорта ў Беларусі. Яна стваралася каля 15 гадоў, гэта першая падобная работа па гісторыі рэгіянальнага футболу на беларускай мове ў краіне. У яе аснове — доўгія архіўныя пошукі, праца з дакументамі, сустрэчы з гульцамі і трэнерамі.
У кнізе апісваюцца гісторыя Воршы і мясцовых клубаў, смешныя моманты з паядынкаў, жаночы футбол, стадыёны, вядомыя гульцы. Дадаецца слоўнічак самабытнай беларускай спартовай лексікі.
Выдавецтва: Skaryna Press.