У Беларусі каля сотні кніг на самыя розныя тэмы цяперашнія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» ці «здольнымі нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Свабода спрабавала знайсьці лёгіку — паводле якіх крытэраў адбіралі. Не знайшла.
Поўны і зручны для пошуку пералік кніг, якія Міністэрства інфармацыі Беларусі прызнала «экстрэмісцкімі» — з назвамі, аўтарамі і нумарамі судовых рашэньняў, — не апублікаваны.
На сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі ёсьць прынамсі два афіцыйныя сьпісы так званай «забароненай літаратуры». Да таго ж ёсьць нефармальны сьпіс, якога няма ў адкрытым, афіцыйным выглядзе, але бібліятэкі і кнігарні ведаюць, якіх аўтараў непажадана мець у доступе. Гэты сьпіс ствараецца праз даносы, «парады» ідэолягаў і самацэнзуру, на ўмовах ананімнасьці прызналася Свабодзе супрацоўніца адной з сталічных бібліятэк.
У «экстрэмісцкім сьпісе» Міністэрства інфармацыі каля 7 тысяч пазыцыяў
Звычайна пракуратура (рэспубліканская, раённая) выходзіць з прапановай прызнаць рэсурс, канал у сацыяльных сетках, кнігу «экстрэмісцкімі». А рашэньні фармальна прымаюць раённыя суды. Як вынікае з аналізу пераліку кніг, больш за ўсё рашэньняў прымаюць суды Кастрычніцкага і Цэнтральнага раёну Менску, але сустракаюцца і раённыя суды ў вобласьці (так, «Сабакаў Эўропы» Бахарэвіча прызнаў «экстрэмісцкімі» суд Менскага раёну).
Першымі ў «экстрэмісцкі сьпіс» трапілі CD-R-дыскі з фільмам «Урок беларускай мовы» і з канцэртам «Салідарныя зь Беларусьсю», запісаным 12 сакавіка 2006 году ў Варшаве. Гэта адбылося ў 2008 годзе. Далей у сьпісе — шэраг назваў рэлігійнай літаратуры, выдадзеных ЗАТ «Православная инициатива».
Папаўняўся гэты сьпіс даволі павольна і амаль незаўважна, за выключэньнем нейкіх рэзанансных выпадкаў.
Так, у 2012 годзе на беларускай мяжы сканфіскавалі даволі вялікую партыю альбомаў «Прэс-фота Беларусь 2011», надрукаваных выдавецтвам «Логвінаў» у Літве. У Горадні была створана адмысловая экспэртная камісія, якая вывучала матэрыялы, зрабіла выснову, на падставе якой Ашмянскі суд прызнаў альбом «экстрэмісцкім».
Пасьля падзеяў 2020 году ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» пачалі актыўна ўключаць сайты, старонкі сацыяльных сетак, тэлеграм-каналы, TikTok-акаўнты — цяпер у ім больш за 7 тысяч пазыцыяў на 1 тысячы старонак.
Пералік менавіта кніг у «Рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў», паводле зьвестак Беларускага ПЭН-цэнтру, з 2020 па 3 лістапада 2025 году папоўніўся на 92 выданьні. Адной зь першых пасьля 2020-га туды ўключылі кнігу «Беларускі Данбас» Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша (РС: кніга ўключана ў пералік 26 сакавіка 2021 года. Аўтараў асудзілі на вялікія турэмныя тэрміны). Апошнімі туды трапілі дзьве кнігі Валера Гапеева з сэрыі «Вольнеры» (29 кастрычніка 2025 году).
Кнігі, прызнаныя «экстрэмісцкімі
Дунін-Марцінкевіча выключылі з «экстрэмісцкага сьпісу», філёзафа Акудовіча ўключылі
Праўда, неяк здарыўся казус: 8 лістапада 2023 году суд Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці ў «экстрэмісцкі пералік» уключыў Збор твораў клясыка беларускай літаратуры Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ў 2-х тамах (выдадзены ў 2008 годзе). Пасьля рэзанансу і абурэньняў грамадзкасьці 11 сакавіка 2024 года творы клясыка выключыў з «Рэспубліканскага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» суд ужо Цэнтральнага раёну Менску.
Кожны квартал гэты пералік папаўняецца дзясяткамі новых выданьняў.
Месяц таму «экстрэмісцкімі» прызналі кнігі
Валянціна Акудовіча «Код адсутнасьці» (філязофская проза пра пошукі ідэнтычнасьці і сэнсу існаваньня ва ўмовах страты нацыянальнай і культурнай цэласнасьці) і «Трэба ўявіць Сізіфа шчасьлівым» (інтэлектуальны роздум, філязофскі аналіз, эсэістыка пра беларускую ідэнтычнасьць). Тады ж ў лік «экстрэмісцкіх выданьняў» трапіла ўжо згаданая сямейная сага Валера Гапеева «Вольнеры. Прадвесьце» і «Вольнеры. Бясконцы дзень», што апісвае станаўленьне, унутраныя канфлікты і выпрабаваньні роду Вольнераў.
«Мэтадычкі» Шарпа і Тымаці Снайдэра
«Экстрэмісцкімі» ў Беларусі прызналі вядомыя гістарычныя кнігі замежных аўтараў: «Пра свабоду» Тымаці Снайдэра, «Ад дыкатуры да дэмакратыі» Джына Шарпа — праграмная праца аб негвалтоўным супраціве, стратэгіях і мэтадах барацьбы супраць аўтарытарных рэжымаў і пераходу да дэмакратыі.
У сьпісе забароненых кніг таксама «Спаленыя вёскі. Злачынствы нацыянал-сацыялізму супраць сельскага насельніцтва ў Польшчы і Савецкім Саюзе падчас Другой сусьветнай вайны» пад рэдакцыяй Флёрыяна Вілера і Фрэдэрыка Банэсэра; «Крах апэрацыі „Барбароса“» Германа Гота — аб правале нямецкага наступу на СССР у 1941 годзе, напісаны на аснове мэмуараў нямецкага генэрала і дакумэнтаў Вэрмахту.
У пераліку «шкодных для нацыянальных інтарэсаў» выданьняў — 173 пазыцыі
Другі
пералік з сайту Міністэрства інфармацыі называецца «Сьпіс друкаваных выданьняў, якія зьмяшчаюць інфармацыйныя паведамленьні і (або) матэрыялы, распаўсюджваньне якіх здольнае нанесьці шкоду нацыянальнай інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Гэты сьпіс зьявіўся на сайце міністэрства 21 лістапада 2024 году. Уносяць у сьпіс на падставе высноваў «Рэспубліканскай камісіі правядзеньня ацэнкі сымболікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі», асноўная сфэра дзейнасьці якой — рабіць высновы аб наяўнасьці «экстрэмізму» ў інфармацыйных прадуктах.
На канец 2024 году старшынёй камісіі
пазначаная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, экс-міністарка інфармацыі Лілія Ананіч. У складзе камісіі таксама намесьнік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі і яшчэ дзьве чыноўніцы гэтага ведамства. Ёсьць у сьпісе прадстаўнікі МУС, сілавікі з ГУБАЗіКу, Сьледчага, Мытнага, Памежнага дзяржаўных камітэтаў, а таксама супрацоўнікі Вайсковай акадэміі, Акадэміі МУС, прафэсары БДУ, загадчыкі катэдраў, штатныя ідэолягі. Ёсьць таксама неназваны супрацоўнік КДБ, але няма ніводнага незалежнага ад дзяржавы экспэрта.
Пералік «шкодных» матэрыялаў папаўнялі 6 разоў, усяго ў ім на сёньня 173 пазыцыі. Паводле Міністэрства інфармацыі, «наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам друкаваныя выданьні, якія скажаюць гістарычную праўду і справядлівасьць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, рэлігійную нясьцерпнасьць, гвалт, жорсткасьць і парнаграфію, якія распальваюць варожасьць і нянавісьць, якія аказваюць нэгатыўны ўплыў на фізычнае і псыхічнае разьвіцьцё дзяцей, скажаюць уяўленьне аб сапраўдных сямейных каштоўнасьцях».
Бібліятэка ў Менску, красавік 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Пашкодзіць «нацыянальным інтарэсам» могуць нават кнігі аб полавым выхаваньні дзяцей
Пачынаецца сьпіс з гістарычнай літаратуры. Пад нумарам 1 — «Нарысы гісторыі Беларусі (1795–2002)» Захара Шыбекі. Далей ідуць «Тайны беларуской истории» Вадзіма Дзеружынскага і «На скрыжалях вякоў: гістарычныя творы» Кастуся Цвіркі.
У сьпіс непажаданых трапілі творы вядомай дасьледніцы савецкага таталітарызму, ляўрэаткі Пуліцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм «ГУЛАГ» і «Жалезная заслона. Здушэньне Ўсходняй Эўропы (1946–1956)».
Сярод твораў мастацкай літаратуры — два раманы Сашы Філіпенкі: «Чырвоны Крыж» і «Слон». У сьпісе таксама папулярны расейскі пісьменьнік Уладзімер Сарокін з творам «Трыццатае каханьне Марыны».
Моцна не падабаецца беларускім цэнзарам сучасны японскі пісьменьнік і рэжысэр Ру Муракамі — ажно 5 ягоных твораў забароненыя ў Беларусі: «Усе адценьні блакітнага», «Караоке», «Тапаз», «Экстаз», «Дзеці з камэры захоўваньня». У сьпісе шмат іншых папулярных замежных аўтараў (Чак Паланік, Джэймс Болдуін, Дэйвід Мітчэл, Іян Бэнкс ды іншыя).
У пераліку ёсьць кнігі аб полавай адукацыі: «Давай пагаворым пра ГЭТА: аб дзяўчатах, хлопчыках, немаўлятах, сям’і і целе» Робі Гарыс. Пра гэтую кнігу пішуць: «міжнародны бэстсэлер на тэму інтымнага выхаваньня, які заваяваў давер тысяч бацькоў і дзіцячых спэцыялістаў». У пераліку таксама «Сучасная энцыкляпэдыя для дзяўчатак» Каці Дзянісавай і Марыны Ментусавай.
«Лёгікі няма»
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta робіць штоквартальны аналіз кніг, якія ўключаюцца ў абодва сьпісы Міністэрства інфармацыі. Юрыст Human Constanta Яўген кажа, што экспэрты, літаратуразнаўцы, праваабаронцы часта ня могуць адказаць, чаму кнігі прызнаюцца «экстрэмісцкімі» або «шкоднымі».
«Лёгікі няма. У Рэспубліканскай камісіі ёсьць людзі з навуковымі ступенямі, але яны ўсе праўладныя, незалежных экспэртаў там няма. Былі выпадкі, калі яны прызнавалі кнігі „экстрэмісцкімі“, аргумэнтуючы гэта тым, што там ёсьць нацысцкая сымболіка (а ў кнізе наагул не было ілюстрацый).
Звычайна сьпіс папаўняюць кнігі, дзе ёсьць крымінал і дзеці, дзе ўзгадваецца ЛГБТ, таксама выданьні аб псыхалёгіі. Сёлета ў верасьні ўпершыню ў яго трапілі кнігі пра наркатычную і алькагольную залежнасьці, але там няма, прабачце, ніякай „рамантызацыі“ ужываньня гэтых шкодных рэчываў, а наадварот», — кажа праваабаронца Яўген з Human Constanta.
Ён прыводзіць у прыклад кнігу шатляндзкага пісьменьніка Ірвіна Ўэлша «На ігле», дзе наркаман у Эдынбургу знаходзіць у сабе сілы зьлезьці з той самай іголкі і пачаць новае жыцьцё. Паводле гэтай кнігі ў 1990-х быў зьняты культавы фільм.
Прызнаныя таксама «экстрэмісцкімі» ўспаміны нямецкага вайскавода, фэльдмаршала Эрыха фон Манштайна «Страчаныя перамогі», у якіх ён выкладае сваё бачаньне прычынаў паразы Нямеччыны ў Другой усясьветнай вайне. І такіх прыкладаў процьма, кажа Яўген.
Што пагражае за наяўнасьць «экстрэмісцкіх кніг» у хатняй бібліятэцы?
За распаўсюджваньне, захоўваньне, выданьне кніг, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а таксама за іх перавозку з мэтай распаўсюджваньня чалавека могуць пакараць штрафам ад 420 да 1260 рублёў, або адміністрацыйным арыштам — да 15 дзён.
Для індывідульных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў (кнігарні, бібліятэкі) прадугледжаны штраф ад 4200 да 21 000 рублёў.
Увесну 2024 году ў Кобрыні на 10 содняў арышту асудзілі чалавека, які меў у прыватнай бібліятэцы кнігу Ўладзімера Арлова і Паўла Татарнікава «Айчына: Ад Рагнеды да Касьцюшкі», занесеную ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Міліцыя даведалася пра наяўнасьць у доме жыхара Кобрыня «экстрэмісцкай» кнігі з даносу. Хто напісаў паклёп, у міліцэйскім пратаколе не было пазначана.
«На цудоўных маляўнічых альбомах Уладзімера Арлова я выхоўваў унукаў»
Свабода пагаварыла зь бібліяфілам, што мае ў Менску велізарную бібліятэку з каля 10 тысяч кніг, якую зьбіралі тры пакаленьні ягонай сям’і (дзеля бясьпекі не называем ягонага імя). Ён вельмі ганарыцца рэдкімі выданьнямі ў сваёй бібліятэцы, падпіскамі клясыкаў, кнігамі з аўтографамі. Але асаблівы гонар у яго — за сэрыю «Кнігазбор». Гэта сэрыя недзяржаўнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якая ўключае клясыку, сучасную літаратуру і гістарычна-літаратурныя помнікі. Суразмоўца кажа, што мае амаль усе — а гэта больш за 100 кніг сэрыі, акрамя дзьвюх-трох, якія дагэтуль шукае ў букіністычных крамах.
«Нядаўна завітаў да мяне стары сябар, які таксама мае добрую бібліятэку, і пытаецца: «А ты не баісься трымаць кнігі ў доме? Я ўжо на паліцах бачу ў цябе зь дзясятак „экстрэмісцкіх выданьняў“. Я і праўда ня ведаў, што „Выбраныя творы“ Ўладзімера Някляева, Лідзіі Арабей, Вацлава Ластоўскага — у тым „экстрэмісцкім“ сьпісе. Ну добра, улада ніколі не любіла Ларысу Геніюш і Натальлю Арсеньневу... А пры чым тут Някляеў зь любоўнай лірыкай, вершамі, песьнямі? Дарэчы, кніга выдадзеныя ў 2009 годзе.
На цудоўных маляўнічых альбомах Уладзімера Арлова і мастака Татарнікава я выхоўваў унукаў...» — з горыччу кажа суразмоўца Свабоды.
Ён прызнаецца, што сябар параіў яму ўсё ж такі прыбраць хаця б з «фасадаў» кніжных паліц так званую «экстрэмісцкую літаратуру». Наш суразмоўца нават заходзіў на сайт Міністэрства інфармацыі, аднак зразумелага, уцямнага сьпісу там ён не знайшоў.
«Я нават спампаваў той вялізны дакумэнт з „экстрэмісцкімі матэрыяламі“ — у ім амаль 1000 старонак. Гэта і сотні сайтаў, тэлеграм-каналаў, тык-ток — прабачце, „зьмяшаліся ў кучу коні, людзі“, як пісаў клясык. Дык што — мне ўсю маю шматтомную бібліятэку „праганяць“ праз той пошук?» — абураецца бібліяфіл.
Свабода зьвярнулася да літаратуразнаўцаў і папулярных аўтараў тых самых забароненых кніг з просьбай прааналізаваць абодва сьпісы так званых «экстрэмісцкіх» і «шкодных» выданьняў ад Міністэрства інфармацыі. Адказы былі ляканічныя і падобныя: «Не спрабую шукаць нейкай лёгікі ў дзеяньнях улады».