- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Астафей Валовіч належаў да старажытнага беларускага шляхецкага роду, які заснаваў нейкі Ходзька, што жыў у першай палове XV стагоддзя на Гарадзеншчыне. Дзед Астафея — Грынька займаў у Вялікім Княстве пры Казіміры Ягелончыку пасаду канюшага. Менавіта Грынька ў 1499 годзе атрымаў шляхецтва і прозвішча Валовіч, якое затым перайшло да ягоных семярых сыноў: Багдана, Яна, Лукаша ды Маркі — ад першай жонкі, а гэтаксама Рыгора, Міхаіла і Паўла — ад другой. Бацька Астафея — Багдан Грынькавіч Валовіч, як сведчыць польскі вучоны мінулага стагоддзя А. Банецкі ў сваім даследаванні, быў з 1508 года вялікакняскім канюшым, а з 1529 года—гарадзенскім войскім. Пазней, пад 1537 годам, ён ужо згадваецца як намеснік крыньскі, скідзельскі і азерскі. Памёр Багдан Валовіч 14 красавіка 1539 года.