БАЖ прагназуе пагаршэнне сітуацыя са свабодай слова
2020-05-16 17:22
Выбарчая кампанія пачалася. Беларуская асацыяцыя журналістаў прагназуе пагаршэнне сітуацыя са свабодай слова.
Ужо за кратамі 5 журналістаў. Яны адбываюць суткі за прысутнасць на сустрэчах з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Журналіста Аляксандра Буракова-малодшага таксама асудзілі на 10 сутак.
Раней, на гэтым тыдні, – журналістаў Алеся Асіпцова, Аляксандра Буракова (старэйшага), Міхаіла Аршынскага, Змітра Лупача суд пакараў адміністрацыйнымі арыштамі.
Фактычна ва ўладаў развязаныя рукі, бо нават не прыедуць міжнародныя назіральнікі, нагадвае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
– Калі ў нас у краіне ёсць назіральнікі, ёсць замежныя карэспандэнты, то напэўна ўлада будзе больш стрымана сябе паводзіць. Калі зараз такой сітуацыі няма, то трэба рэальна вельмі сур’ёзна берагчыся і думаць пра кожны свой выхад на нейкую акцыю, пра тое, што ты робіш і як. Гэта не толькі жцрналістаў датычыць, гэта і другіх датычыць таксама. Таму што з журналістамі распраўляюцца, а з простымі людзьмі яшчэ прасцей расправіцца. Трэба быць больш асцярожнымі.
У траўні ўлады Беларусі пачалі шырокія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Па ўсёй Беларусі былі адвольна затрыманыя і асуджаныя да штрафаў і арыштаў больш за 120 чалавек. Праваабарончая супольнасць Беларусі таксама патрабуе спыніць пераслед мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў і вызваліць тых, хто адбывае арышт.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя