- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Заявы напярэдадні Новага году кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і ягонага міністра замежных справаў Сяргея Мартынава, у якіх былі закрануты пытаньні ўзаемаадносінаў з Эўразьвязам і ЗША, аптымізму ў заходніх сталіцах дадаць не маглі. «Дыялёг паміж партнэрамі ня можа грунтавацца на папярэдніх умовах, іначай гэты дыялёг не атрымаецца наагул ці ня будзе выніковым», – заявіў С. Мартынаў у інтэрвію агенцтву «Рэйтэр». Такім чынам, афіцыйны Менск адказаў Брусэлю на прапанову распачаць дыялёг па нармалізацыі адносінаў, грунтам якога павінна быць выкананьне вядомых дванаццаці ўмоваў, сярод якіх, у першую чаргу, самае простае – вызваленьне невялікай групы палітвязьняў. Паводле словаў С. Мартынава, лёгіка папярэдніх умоваў – гэта лёгіка, якую «наўрад ці можна ўвязаць з рэаліямі і пэрспэктывай». То бок, мабыць, варта думаць, што выпрацаваная пасьля даўгіх дыскусіяў адзіная пазыцыя Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі нерэальная і беспэрспэктыўная. І, натуральна, узьнікае пытаньне: якія ж тады рэальныя пэрспэктывы адкрыцьця ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі? У беларускім МЗС завяраюць, што праца над гэтым ідзе. А ў Брусэлі, трэба меркаваць, асьцярожны аптымізм на гэтую тэму стаў яшчэ менш заўважным.