- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Цягам апошніх дзён адбываліся суды над удзельнікамі несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня. У выніку адміністрацыйнымі арыштамі пакараныя некалькі дзясяткаў чалавек. Гэтымі пакараньнямі справа можа ня скончыцца, бо сталічная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу паводле артыкулу аб масавых беспарадках. Тым часам Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі аб'яднаньня прадпрымальнікаў "Пэрспэктыва", лідэр якога Анатоль Шумчанка быў адным з арганізатараў акцыі 10 студзеня. На думку назіральнікаў, такая нэрвовая рэакцыя на пратэст прадстаўнікоў дробнага бізнэсу сьведчыць аб спалоху ўладаў. Паводле колькасьці ўдзельнікаў маніфэстацыя 10 студзеня параўнальная з апазыцыйнымі маршамі мінулай восені. Але істотнае адрозьненьне палягае ў тым, што зараз да вулічнага пратэсту дасьпелі прадстаўнікі раней апалітычнага слою. Прычым цягам згаданай акцыі эканамічныя лёзунгі стыхійна перарасьлі ў палітычныя.