- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Рэстаўратары выраю. Вячаслаў Ракіцкі зь сябрамі робяць справу, якой немагчыма зрабіць: яны вычэрпваюць мора чужых мітаў, бліскучае, цяжкае і сьлізкае, як ртуць, і такое ж небясьпечнае. Яны глядзяць назад і бачаць не мінулае, а таемнае і прышлае. Яны адчыняюць куфар з фамільным срэбрам, а там манэты краіны, якой няма на мапе. Яны выцягваюць са студні ваду, якая нараджае адно ненатольную смагу. Яны здымаюць слой за слоем тынкоўку ў пошуках фрэскі, якой майстра не пасьпеў напісаць, хаця меўся і мог. Яны ваююць зь ценямі, кожны зь якіх мае даўгі нож, што пакідае шрамы, і так ствараецца новы рукапіс і летапіс. Як прысохлы бінт з раны, яны зрываюць з гісторыі прасякнутыя сваёй крывёю чужыя сьцягі, і так паўстаюць іх харугвы. І разыходзіцца мора на два бакі, і йдуць яны сваёй грамадой агромністай па вуліцах беларускай Атлянтыды, дзе ляціць Пагоня, дзе старыя багі яшчэ маладыя, дзе ахвяры недарэмныя, а слава вечная, як памяць, салодкая, як сьляза, і блізкая, як вырай. Яны не азіраюцца. За імі! (Аляксандар Лукашук, Радыё Свабода)