«Беларуская мова павінна стаць як мовы суседзяў – польская, украінская, літоўская»
2022-02-21 15:53
Напярэдадні Дня Роднай мовы Беларускі Дом у Варшаве запрасіў выказаць сваю пазіцыю, падтрымаць традыцыю, салідарызавацца з Беларуссю.
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш. Напярэдадні Дня Роднай мовы Беларускі Дом у Варшаве запрасіў выказаць сваю пазіцыю, падтрымаць традыцыю, салідарызавацца з Беларуссю – і напісаць Нацыянальную дыктоўку разам. Прыйшло столькі ахвочых, што для ўсіх не хапіла месца, прыйшлося дастаўляць крэслы.
Старшыня Беларускага дома Алесь Зарэмбюк нагадаў гісторыю Дня роднай мовы і яго важнасць для беларусаў.
- З 2009 года ААН прызнала беларускую мову мовай, якой пагражае знікненне. На сённяшні дзень у свеце каля 6 тыс. моваў, многія знікаюць. Гэты дзень вельмі важны для нас, беларусаў. І будзе важным да таго, пакуль мы сваімі дзеяннямі, сваёй актыўнасцю не прывядзем да таго, што беларуская мова стане як мовы нашых суседзяў – польская, украінская, літоўская. Я веру і перакананы, што ў нас гэта атрымаецца.
Гэтым разам тэкст дыктоўкі быў унікальным – яе склалі з лістоў беларускіх палітвязняў. Журналістка Валярына Кустава зачытала фрагменты допісаў Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча і Вітольда Ашурка. Вось фрагмент допісу Мікалая Статкевіча, які прагучаў падчас дыктоўкі:
«Імкніся жыць у адпаведнасці са сваім маральным пачуццём і не ахвяруй уласнай годнасцю. Жыві поўным жыццём, не занурайся пастаянна ў нешта адно. Жыццё – цудоўнае ў многіх яго праявах. Карыстайся гэтым шыкоўным падарункам напоўніцу. Калі ты змагаўся за свабоду паднявольнай краіны, цярпеў, рызыкаваў з-за гэтага, то табе ўжо будзе чым апраўдаць сваё існаванне на зямлі».
Перад напісаннем беларускай дыктоўкі мы паразмаўлялі з удзельнікамі падзеі.
Слухайце аўдыё
нг