Беларуская вышыўка як спосаб выказаць пратэст і паказаць культурны код беларуса
2022-05-03 13:15
У беластоцкай галерэі «Арсенал» працягвае працу выстава сучаснага беларускага мастацтва «Калі сонца нізка — цені доўгія». Жыхары Беластоку сярод мерапрыемстваў у межах выставы змаглі прыняць удзел у акцыі вышывальнай падтрымкі палітвязняў Беларусі «Выжыванка», аўтарства Руфіны Базловай.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцяй Рацыі» – мастачкай Руфінай Базловай пра тое, у які момант пратэст становіцца цэнтрам творчасці, ці можа вышыўка стаць сацыяльнай тэрапіяй для беларускага грамадства ў постпратэсны перыяд, ці вышываюць украінцы ў падтрымку беларускіх палітвязняў і як можна праз крыжык хутка вызначыць культурны код беларуса.
РР: Вось гэтыя эскізы, на якіх намаляваная фігурка палітвязня, яго імя, прозвішча і сцэна з пратэсту ў Беларусі, гэта ваша аўтарская задумка, распрацоўка? Ці доўга вы думалі над гэтай ідэяй? Як яна ўзнікла?
Руфіна Базлова: На самой справе, вытокі гэтага яшчэ ў 2010 – 2012 гадах, калі я вучылася на ілюстрацыі. Мы атрымалі тэму «Вольная аўтарская кніга». Я ў той час цікавілася славянскімі арнаментамі, сімваламі. Гэта было модна тады. І я не выключэнне. Я гэтым зацікавілася, зрабіла кнігу. Затым зрабіла вышыты комікс на сукенцы. А затым гэта адышло на другі план, займалася іншымі справамі. Потым пайшла ў тэатр. І калі давучылася, падумала, што хачу нешта зрабіць сама асабіста, не ў калектыве. Згадала пра вышыўку. Шукала тэму. Гэта было летам 2020-га. Я сачыла за тым, што адбывалася ў Беларусі. І ў выніку гэта ўсё нарадзілася. З’явілася серыя беларускай «Выжыванкі» – гэта серыя пра беларускія пратэсты, і праект Framed in Belarus пра беларускіх вязняў.
РР: Тут узнікае такое пытанне. Шмат хто вышывае ў Беларусі крыжыкам. Але ўсё гэта афармляецца, як правіла, у форме звычайных кашуль, па традыцыйных матывах, па гэтых шматлікіх альбомах. Дзе праходзіць тая мяжа, калі вышыўка перастае быць сродкам простага аздаблення і становіцца новым выказваннем, як у вашых працах?
Руфіна Базлова: Я не ведаю. Мне здаецца, з’яўляецца канцэпцыя, мастацкі акт. Так удала склалася, што гэта нацыянальны код, арнамент беларускі, то бок многія беларусы менавіта з гэтым ідэнтыфікаваліся. Таму гэтая серыя стала вельмі папулярнай. Бо праз гэты код было зразумела, пра што гэта. Візуальна мы адразу разумеем, што гэта пра Беларусь. Гэта паходзіць з фальклорных традыцыяў. І гэта апісвае гісторыю народа. Таму атрымалася злучэнне канцэпту з тэхнікай.
З „Госцяй Рацыі” мастачкай Руфінай Базловай камунікавала Вольга Сямашка.