Беларускае аб’яднанне ByProsvet працягвае падтрымліваць самвыдат і прэзентаваць розную прадукцыю ў нацыяльнай тэматыцы. “Мінулы год атрымаўся ў нас вельмі прадуктыўным”, – зазначыла ў размове з нашым радыё Госця Рацыі, прадстаўніца ініцыятывы, імя якой мы не адкрываем з прычыны бяспекі.
– 2023 год стаў чарговым годам вайны. Нейкіх яркіх момантаў у грамадстве нібыта не адбывалася. Напрыканцы года, нашая каманда пачала ўжо меркаваць, што ў нас мала чаго атрымалася, з той прычыны, што супер яркіх момантаў не было. Таму ў канцы года мы вырашылі зрабіць адмысловы спіс праектаў, якія мы наогул рабілі, каб падвесці вынікі. І высветлілася, што гэты год аказаўся адным з самых прадуктыўных. У нас было найбольш праектаў, мы падтрымлівалі найбольш партнёраў, розных каманд з розных гарадоў і краін. Мы заўсёды супрацоўнічалі з камандамі, але ў гэтым годзе было іх найбольш. Таму год атрымаўся адным з самых прадуктыўных у сферы культуры, гісторыі.
РР: У вас зараз рыхтуецца да выдання кніга «Камера 18» на беларускай мове. А чаму менавіта толькі цяпер? Бо гэтае выданне ўжо маецца на польскай, на англійскай мовах.
– Я ўдзячная за гэтае пытанне. «Камера 18» – гэта наш першы праект. Мы супрацоўнічалі з камандай «Август 20-20», гэта першапачаткова быў іх праект, журналістаў. І мы вырашылі, раз гэтая гісторыя датычыцца і нас, і нашых сяброў, сваякоў, то нам вельмі важна распаўсюджваць гэты праект далей у іншыя краіны, распаўсюджваць інфармацыю, таму што мы лічым, што самыя страшныя рэчы адбываюцца ў цішы, таму пра гэта трэба распавядаць.
Праект быў падрыхтаваны на рускай мове журналістамі. Таму першае выданне было на рускай мове. Праект быў гатовы і на англійскай мове. Мы адрэдагавалі яго і выдалі. І затым людзі, якія працуюць ва ўніверсітэце, якія добра ведаюць польскую мову і крыху ведаюць рускую мову, ім было цікава перавесці на польскую мову. Яны выказалі жаданне паўдзельнічаць у гэтым праекце. І дзякуючы нашым знаёмым, сувязям з вельмі добрымі перакладчыкамі, якія самі загарэліся гэтай ідэяй, якім спадабаўся праект, выйшла кніга на польскай мове. Таму яна выйшла раней чым беларускі варыянт. На беларускую мову мы паралельна перакладалі, але, на жаль, мы ў асноўным супрацоўнічаем з валанцёрамі, і гэты пераклад рухаўся больш павольна. У выніку праект падрыхтаваны, мы яго чакаем з друку і ён з’явіцца на сайце.
З прадстаўніцай ByProsvet размаўляла Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя.