Беларускі досвед апошніх гадоў апісаны ў кнізе экажахаў тоні лашдэн
2024-11-21 19:58
У кнізе «Чорны лес» тоні лашдэн за пераход мяжы неабходна плаціць уласнай плоццю, а ў паштовую скрыню рана ці позна прыходзіць позва на згубнае балота. «Чорны лес» - гэта не фантастыка і не антыўтопія, а рэалістычнае па сваёй сутнасці адлюстраванне свету, у якім выявілі сябе беларусы і беларускі пасля 2020 года.
Тоні - мінская квір-фем пісьменніца, журналістка, актывістка. Вакол кнігі пабудаваная цэлая гісторыя. Гэта і пошук папараць-кветкі, і літаратурная рэзідэнцыя. Сродкі, атрыманыя з продажу кнігі, тоні прызначае і на падтрымку беларускіх палітзняволеных жанчын.
- Гэта кніга экахорар аповедаў пра Беларусь. Яна напісаная на падставе майго досведу ў 2020, 2021 і 2022 гадах і маёй эміграцыі ў 2023 годзе. Для мяне гэта рэфлексія над тым досведам, які беларускі і беларусы атрымалі падчас пратэстаў 20-га. Гэта таксама пра супраціў і клопат, які мы пабачылі потым, калі пачалося поўнамаштабнае ўторгненне Расіі ва Украіну. У межах кнігі я спрабую зразумець, што значыць працягваць жыць, нягледзячы на тое, што з намі адбыліся такія катастрофы.
Асабіста я лічу, што гэта рэальныя гісторыі, але чула меркаванне, што гэта фікшн. Для мяне гэта тэкст пра рэальнасць, якая з намі адбылася, хоць там ёсць міфалагічныя істоты і міфічныя топазы кшталту беларускага балота, чорнага леса. Мова, якую я спрабую выбудаваць у кнізе, спрабуе выбудаваць стратэгію, як можна апісаць нешта, што апісаць нельга. Як можа апісаць боль, які мы адчулі ў 2020 годзе. Як можна распавесці пра міграцыю, якая была вельмі балючай.
На вокладцы друкаванай версіі кнігі можна пабачыць малюнак папараці. Гэта скан папараці, якую аўтарцы дасталі ў межах калектыўнага перформансу па пошуках папараць-кветкі.
Сродкі ад продажу кніг тоні лашдэн прызначае на падтрымку беларускіх палітзняволеных жанчын. Акрамя таго за сабраныя грошы аўтарка зладзіла ў Беларусі творчую пісьменніцкую лабараторыю.
Прэзентацыя адбывалася ў межах Фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova.
Больш падрабязна пра гэта слухайце ў далучаным гукавым файле.
ав