Беларускі Хэльсінскі камітэт накіраваў спэцдакладчыкам ААН паведамленьне пра катаваньні падсудных у «справе Аўтуховіча»
2022-08-02 12:17
Беларускі Хэльсінскі камітэт заявіў, што ў «справе Аўтуховіча» гаворка пра сытуацыю адразу зь некалькімі людзьмі, да якіх прымяняюцца катаваньні.
БХК накіраваў Спэцдакладчыкам ААН паведамленьне аб катаваньнях, праве на здароўе, незалежнасьць судзьдзяў і адвакатаў, а таксама аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Там выкладзена інфармацыя аб грубых парушэньнях правоў чалавека ў дачыненьні абвінавачаных у справе Мікалая Аўтуховіча.
«У прыватнасьці, мы паведамілі, што абвінавачаныя ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, падвяргаюцца псыхалягічным і фізычным катаваньням, іх, у прыватнасьці, пазбаўляюць сувязі і не аказваюць неабходнай мэдыцынскай дапамогі.
Мы зьвярнулі ўвагу Спэцыяльных дакладчыкаў на тое, што Мікалай Аўтуховіч ужо 22 дні трымае сухую галадоўку на знак пратэсту супраць абмежаваньняў ліставаньня, а таксама распавёў пра цяжкі стан здароўя і бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня».
У дакладзе БХК пералічыў факты жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні Ўладзімера Гундара, які прайшоў галадоўку ў знак пратэсту супраць таго, што суд не рэагаваў на яго патрабаваньні, а таксама ў адказ на прымусовае распрананьне перад судовым працэсам. Таксама праваабаронцы перадалі скаргі Галіны Дзербыш, Любові і Сяргея Разановічаў, Ірыны Мельхер на праблемы са здароўем, а таксама Паўла Разановіча на фізычныя і псыхалягічныя катаваньні, каб прымусіць яго падпісаць загадзя падрыхтаваныя паказаньні.
Хоць суд над Аўтуховічам быў зроблены адкрытым, фактычна пусьцілі на яго толькі некалькі сваякоў і прадстаўнікоў выключна дзяржаўных СМІ.
БХК падкрэсьліў, што ёсьць падставы лічыць, што такія дзеяньні накіраваныя на тое, каб схаваць ад праваабаронцаў і грамадзкасьці факты працэдурных парушэньняў.