- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гаворачы пра беларускае школьніцтва ў Гайнаўцы, нельга не ўспомніць той факт, што гэтае школьніцтва мела ўжо пэўныя традыцыі. Менавіта ў 1939-1941 гг. на Беласточчыне існавала даволі шырокая сетка так званых поўных і няпоўных дзесяцігодак, у якіх беларуская мова была мовай навучання або выступала толькі як прадмет. Адносіцца гэта і да самой Гайнаўкі. Па ўспамінах старэйшых жыхароў горада, стан школьніцтва ў той час у Гайнаўцы быў наступны. Руская дзесяцігодка знаходзілася ў будынку сённяшняга Беларускага ліцэя. Беларуская дзесяцігодка была ў суседнім будынку (школа № 1). У школьным будынку на “Пляцоўцы” знаходзілася таксама польская школа. Дырэктарам рускай дзесяцігодкі быў Мікалай Рудзько, беларускай - спачатку Мечыслаў Байбор, а пазней - Семянеўскі. Польскай школай на “Пляцоўцы” кіраваў Скокаў. Патрабуе выяснення наступны факт: найбольш шырока ў Гайнаўцы быў прыняты погляд, што беларуская дзесяцігодка знаходзілася ў будынку беларускага ліцэя, а руская - у будынку школы № 1. Такі погляд узнік на падставе механічнага спалучэння пэўных фактаў, а менавіта: калі ў гэтым будынку знаходзіцца ліцэй, то лагічным было думаць, што тут і была беларуская школа ў часы савецкай улады. Аднак на падставе інфармацыі Галіны Вілюк, якая ў той час сама была вучаніцай, а яе маці - Анастасія Буйноўская - настаўніцай рускай мовы ў рускай дзесяцігодцы, вынікае бясспрэчна, што было зусім наадварот: у будынку беларускага ліцэя была руская дзесяцігодка, а ў будынку школы № 1 - беларуская.