Беларускі ПЭН абвяшчае кароткі спіс намінантаў на прэмію імя Алеся Адамовіча за 2024 год
2025-09-03 16:18
На працягу амаль трыццаці гадоў прэмія імя Алеся Адамовіча адзначае творы, што робяцца важным голасам часу. Прэмія была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і масмедыя ў студзені 1995 года ў памяць пра пісьменніка, інтэлектуала і аднаго з пачынальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча. Першае журы ўзначаліў Васіль Быкаў.
Сёлета з поўнага спіса былі адабраныя фіналісты, чые працы найбольш моцна адгукаюцца на сённяшнія выклікі і балючыя пытанні. У кароткі спіс увайшлі творы, што не толькі фіксуюць наш досвед, але і надаюць яму мастацкую і этычную вагу.
Кароткі спіс прэміі імя Алеся Адамовіча за 2024 год:
«Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» — Вольга Вялічка (выдавецтва «Gutenberg Publisher»);
«Фэмінізацыя беларускай мовы: Сацыялінгвістычнае дасьледаваньне» — Уладзіслаў Гарбацкі (выдавецтва «Skaryna Press»);
«Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» — Таццяна Заміроўская (выдавецтва «Мяне няма»);
«Цела таксама архіў» — Наста Манцэвіч, Алок Вайд-Мэнан (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);
Сайт праваабарончага цэнтра «Вясна» — праваабарончы цэнтр «Вясна»;
«Нічога нястрашнага» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth minsk»);
«Солидарность потрясённых. Эссе о Беларусской революции» — Таццяна Шчытцова (выдавецтва «Логвінаў»).
Сёлета статутам прэміі былі афіцыйна пералічаныя формы, што могуць браць удзел у конкурсе. Прэмія ўручаецца не толькі за кнігі, але і за іншыя фарматы творчага выказвання: публіцыстыку, падкасты, дакументальнае кіно, відэапраекты. Мэта застаецца нязменнай — ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і адзначэнне найлепшых твораў, прысвечаных актуальным праблемам сучаснасці.
Лаўрэатак мінулага года — Віку Біран з кнігай «Я танцую» і Ганну Янкута з кнігай «Час пустазелля» — аб’ядноўвае здольнасць ператварыць асабісты і нацыянальны досвед у тэксты, што робяцца больш чым літаратурай.
Сёлета кароткі спіс пацвярджае: нягледзячы на ўсе выпрабаванні, беларуская культура працягвае гаварыць і застаецца гучнай.
Арганізатар прэміі — Беларускі ПЭН.
Наперадзе фінальны крок — і мы хутка даведаемся пераможцу або пераможцаў. Сачыце за аднаўленнямі на сайце
penbelarus.org і ў нашых сацыяльных сетках:
Instagram